Анатоля Шалковіча зноў арыштавалі на 15 сутак
Былога палітвязня, героя мема «памідоры са смятанай» Анатоля Шалковіча арыштавалі на 15 сутак. Пра гэта ў Фэйсбуку паведамляе Аляксандр Знак, бацька палітвязня Максіма Знака.

Анатоль Шалковіч
Таксама ўчора арыштавалі і далі 15 сутак Сяргею Глушакову.
«Учора арыштавалі маіх сяброў. Спачатку Сержука, а праз некалькі гадзін Анатоля. Сёння абодва атрымалі па 15 содняў. Ад Сержука я ніколі ў жыцці не чуў брыдкага слова, а ён адправіўся ў РАУС, “раскідаў нейкія паперы і аблаяў міліцыянтаў”. А Анатоль, якому некалькі тыдняў таму выдалілі жаўцяк і ён ледзь ходзіць, вырашыў патузацца з супрацоўнікамі органаў. Ёсць сведкі іхніх злачынстваў, ёсць суддзі, ёсць содні», — напісаў Аляксандр Знак.

Як удакладняюць праваабаронцы, 65-гадовага інжынера Анатоля Шалковіча зноў затрымалі 17 лютага. Сёння справу мужчыны разглядзелі ў судзе Кастрычніцкага раёна. Суддзя Сівец арыштавала Анатоля на 15 сутак па арт. 19. 1 КаАП (дробнае хуліганства).
Разам з ім затрымалі і Сяргея Глушакова, якога таксама абвінавацілі па арт. 19. 1 КаАП. Ён таксама правядзе на Акрэсціна 15 сутак.