АНТ заяўляе, што ў Ціханоўскіх і Бабарыкі быў агульны бізнес. Папраўдзе не
Дзяржаўны беларускі тэлеканал АНТ спекулюе на тэме сувязей паміж Сяргеем і Святланай Ціханоўскімі і Віктарам Бабарыкам. Вядучы АНТ Ігар Тур намякае на тое, што Ціханоўскія ўдзельнічалі ў адным з бізнесаў Бабарыкі — кампаніі «Хайв Проджэкт». Гэтая фірма займалася краўд-платформамі «Ulej» і «Mola Mola».
У якасці доказу ў сюжэце ёсць запіс зум-канферэнцыі, у якой Вольга Карач (дарэчы, многія «злівы» АНТ будуюцца менавіта на запісах з яе ўдзелам?) адказвае на чыёсьці пытанне пра датычнасць Ціханоўскіх да «Хайв Проджэкт»:
— Так, вядома, ведаю, гэта якраз там дзве краўдфандынгавыя платформы, якія ствараліся сынам Бабарыкі і Антонам Матолькам — якраз вось шэрагам людзей, якія сёння знаходзяцца каля Святланы Ціханоўскай.
Далей той жа мужчына (ён не падпісаны, але мы чуем мужчынскі голас) наракае: незалежныя СМІ зусім не пішуць на гэтую тэму, хоць ён нібыта звяртаўся «ў рэдакцыі». У рэдакцыю «Еўрарадыё» ніхто з гэтай тэмай не звяртаўся (у «Новы Час» — таксама. — НЧ), але мы ўсё роўна вырашылі правесці фактчэкінг.
Згодна з Адзіным дзяржаўным рэестрам юрыдычных асоб, уладальнік кампаніі «Хайв Проджэкт» са жніўня 2019 года — латвійская «МВС Інвестмент». Ёю, у сваю чаргу, валодаюць грамадзяне Латвіі Аляксандр Растоў і Аляксей Сцяпанаў. Раней у спісе заснавальнікаў былі Антон Марозаў, Андрэй Васін і ТАА «Прававы дыялог», адным з саўладальнікаў якога быў Эдуард Бабарыка. Таксама сярод уласнікаў «Прававога дыялога» значыліся Андрэй Харлановіч, Аляксей Герашчанка і Антон Марозаў, Святлана Дабралёт, «Белгазпрамбанк», «Алдзі Проджэктс» і тая ж «МВС Інвестмент».
Сярод уласнікаў «МВС Інвестмент» і «Алдзі Проджэктс» Ціханоўскіх таксама няма. Як і сярод уласнікаў «Белгазпрамбанка». Такім чынам, долі ў «Хайв Проджэкт» ні ў Сяргея, ні ў Святланы Ціханоўскіх ніколі не было. Інфармацыі пра іншыя магчымыя ўзаемасувязі з Віктарам Бабарыкам таксама няма.
Хто запусціў фэйк пра сувязь Ціханоўскіх і Бабарыкі?
Упершыню Святлана Ціханоўская і «Хайв Проджэкт» былі згаданыя ў адным сказе кіраўніцай ЦВК Лідзіяй Ярмошынай падчас рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты — яна заявіла пра неадзначаную ў дэкларацыі долю.
Спецыяльна ці не, але Ярмошына агучыла тады няправільную інфармацыю: у той момант у працэсе ліквідацыі знаходзілася зусім іншая юрыдычная асоба («Радуга развлечений»), ва ўласніках якой сапраўды былі Ціханоўскія. І гэтая юрыдычная асоба ніяк не звязаная з Віктарам Бабарыкам.
Праўда, АНТ чамусьці не знайшло часу гэта праверыць.