Каўбаса і жыроўка з прапагандай як фобіі рэжыму

Улады нават не падазраюць, што, выбіраючы спосабы рэпрэсій для сваіх праціўнікаў, на самой справе дэманструюць уласныя страхі.

img_20200816_125011.jpg


Відавочная ісціна, што кожны мяркуе па сабе, як нельга лепш ўвасобілася ў гэтым супрацьстаянні. Вось чытаеш пра тое, як у турмах здзекуюцца са зняволеных, пазбаўляючы элементарных побытавых умоў, і разумееш усю прорву паміж светапоглядам прыхільнікаў цяперашняга рэжыму і тымі, хто супраць гэтага рэжыму паўстаў. Расповеды пра тое, што ў зняволеных забралі мясныя прадукты і коўдры (пра гэта згадваў затрыманы лекар Руслан Бадамшын), — таму доказ, піша Вераніка Бялова на сайце «Салідарнасці».

Цікава, якога эфекту спрабуюць дамагчыся тыя, хто прыдумаў адпомсціць кавалкам каўбасы? Яны сур’ёзна думаюць, што дзеля «хаўчыка» чалавек раптам рэзка ўсвядоміць сваю «няправасць», палюбіць Лукашэнку і больш ніколі не будзе пратэставаць?

Вы здзівіцеся, але так. У галовах тых, хто чыніць рэпрэсіі, гэта ўсё выдатна ўкладваецца. Нездарма яны дагэтуль не могуць зразумець, якога ражна айцішнікі, менеджары і іншыя нябедныя грамадзяне да гэтага часу выходзяць пратэставаць? Мераць каўбасой — для некаторых абсалютна натуральны занятак. У тым свеце цёплая коўдра і сытая пайка — важкі аргумент для вызначэння палітычных пераваг. І пераконваць такіх людзей у зваротным — толькі пустое скалынанне паветра.

А мы, ужо ў сілу свайго светаўспрымання, якраз спрабуем пераконваць і нават знаходзіць тлумачэнне подласці адсутнасцю інфармацыі і прапагандай. Абсалютна бессэнсоўна. Таму што прапаганда для гэтых людзей — не кручок, а натуральная патрэба. Жыццёвая неабходнасць у простай зразумелай інфармацыі, без паўтонаў і магчымасці дадумваць. І яны шчыра не разумеюць, чаму іншыя ў прапагандзе не маюць патрэбы.

Дарэчы, жыроўка з апавяданнямі пра БЧБ-сцяг і рэйтынг Лукашэнкі — гэта з той жа оперы. Нехта вырашыў, што людзям, якія ўздымаюць бел-чырвона-белы сцяг, проста трэба лепей растлумачыць усё з правільнай пазіцыі. Ім там няўцям, што грамадзяне, якія настойліва ўзнімаюць нацыянальны сцяг, паспелі прачытаць нешта акрамя жыроўкі і наўрад ці яна стане для іх каштоўнай крыніцай інфармацыі.

Хоць, магчыма, тлумачэнне крыецца ў іншым. Гэтая прапаганда — зусім не для нас. І нават не для абывацеляў, якія падтрымліваюць Лукашэнку (яны і без гэтага гатовыя апраўдаць любую дзічыну, якую б ні здзяйснялі ўлады). Гэта прапаганда для самога рэжыму і яго верных слуг. Своеасаблівая індульгенцыя на апраўданне.

Яны ж выдатна разумеюць, да чаго ўсё ідзе. Адсюль і спроба ўзаконіць свае дзеянні адпаведнымі артыкуламі. Самі таго не жадаючы, яны выплюхваюць на паверхню свае страхі і фобіі. Ці то боязь пазбавіцца кавалка каўбасы, ці то боязь, што нехта дазнаецца праўду і не захоча быць падманутым. Але гісторыя паказвае: аргумент, што ты быў аслеплены прапагандай і дзейнічаў, як загадвае закон, не працуе. Тыя, хто так любіць успамінаць урокі Другой сусветнай, павінны ведаць гэта асабліва добра.