Ціханоўскую, Калеснікаву і Цапкала ўзнагародзілі прэміяй імя Копелева за мір і правы чалавека
Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала ўзнагароджаныя прэміяй імя Льва Копелева за мір і правы чалавека за 2021 год. Прадстаўніцам Беларусі прэмія прысуджаная за барацьбу за дэмакратыю і праўду.

«Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала з велізарнай мужнасцю вядуць палітычную і асабістую барацьбу за дэмакратыю і супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Гэтыя тры адважныя жанчыны сталі тварам мірнага і негвалтоўнага пратэсту ў Беларусі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе грамадскай арганізацыі «Форум імя Льва Копелева», паведамляе REFORM.by.
Прэмія імя Льва Копелева за мір і правы чалавека ўручаецца з 2001 года і не прадугледжвае грашовай узнагароды. У розныя гады ёю былі ўганараваныя ўкраінская спявачка Руслана і яе суайчыннік, праваабаронца і змагар з карупцыяй Яўген Захараў, легендарны расійскі рок-музыка Андрэй Макарэвіч, культавы дзіцячы пісьменнік Эдуард Успенскі, рэдакцыя расійскай «Новой газеты», праваабарончая арганізацыя «Мемарыял», прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці ў Сірыі, пісьменнік Уладзімір Вайновіч і іншыя.