Антон Астаповіч: Ідзе спроба легітымізацыі вельмі спрэчнага праекта па так званым аднаўленні Мінскага замчышча
14 студзеня ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя старшыні рэспубліканскага савета Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча.
Яна была прысвечана праблемам правядзення работ у гістарычным цэнтры сталіцы ў святле падрыхтаванага і прадстаўленага на абмеркаванне скарэктаванага Праекта дэталёвага планавання рэканструкцыі,
рэстаўрацыі, аднаўлення і добраўпарадкавання гістарычнага цэнтра Мінска.
На думку кіраўніка таварыства, грамадскае абмеркаванне гэтага надзвычай важнага праекта, якое стартавала з 5 студзеня, "па маштабу суразмернае з абмеркаваннем дробнага аб`екта на ўскрайку
нашага горада".
Паводле слоў Астаповіча, не было шырокай інфармацыйнай падтрымкі пачатку грамадскага абмеркавання, яна абмежавалася невялічкімі заметкамі ў "Минском курьере" і "Вечернем
Минске".
"У новай версіі дэталёвага плана, — адзначае старшыня таварыства, — ідзе спроба легітымізацыі вельмі спрэчнага праекта, дыскусія наконт якога яшчэ не скончана, асваення
паўднёва-ўсходняй часткі замчышча. Такім чынам дэталёвы план у перспектыве можа стаць прававым падмуркам для рэалізацыі праекта Сяргея Багласава па так званым аднаўленні Мінскага замчышча; праекта,
які з самага пачатку парушае гістарычную планіровачную структуру, не прадугледжвае аднаўлення страчанай гістарычнай забудовы; праекта, які пры яго рэалізацыі парушае ландшафт, што гістарычна склаўся,
— ён будзе не рэканструяваць ландшафт, а фарміраваць новы, і гэта будзе фальсіфікацыя; праекту, які нанясе вельмі моцны ўдар па культурнаму пласту".