Апеляцыйны суд у Маскве пакінуў у сіле рашэнне аб выдачы спартоўца Аляксея Кудзіна

Апеляцыйны суд пакінуў ў сіле рашэнне Маскоўскага абласнога суда аб выдачы беларускага спартоўца Аляксея Кудзіна ў Беларусь.

На фота Аляксей у светлай майцы і чорнай кепцы злева. Фота зрабілі падчас разгону акцыі 10 жніўня. Фота Настассі Уткінай, «Рэгіянальная газета»

На фота Аляксей у светлай майцы і чорнай кепцы злева. Фота зрабілі падчас разгону акцыі 10 жніўня. Фота Настассі Уткінай, «Рэгіянальная газета»

Пра гэта Свабодзе паведамілі ў камітэце «Гражданское содействие», які юрыдычна дапамагаў Аляксею Кудзіну, у тым ліку прадставіў адваката.

У той жа час 21 ліпеня Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў экстрадыцыю беларускага атлета, спаслаўшыся на пераканаўчыя довады адвакатаў.

«Мы настойваем на тым, каб было прынятае пад увагу рашэнне ЕСПЧ аб прымяненні правіла 39 рэгламента суду», — зазначылі ў Камітэце.

У Маскву для затрымання кікбаксёра Аляксея Кудзіна выехалі прадстаўнікі беларускіх сілавых структур. Як сцвярджае Фонд спартовай салідарнасці, іх апазналі пасажыры ў мінскім аэрапорце.

21 ліпеня а 14-й гадзіне пачалося судовае пасяджэнне, па выніках якога Аляксей Кудзін мусіць выйсці з СІЗА ў Падмаскоўі. Акурат роўна паўгода, як баец знаходзіцца не на свабодзе.

Раней Маскоўскі суд не задаволіў скаргу абароны Аляксея Кудзіна, якая дамагалася забароны на экстрадыцыю ў Беларусь, дзе спартоўцу пагражае працяглы тэрмін зняволення нібыта за напад на міліцыянтаў падчас пратэстаў летась у жніўні.

Фонд спартовай салідарнасці звярнуўся з заклікам да прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Расіі і ўсіх неабыякавых грамадзян прыйсці падтрымаць Аляксея Кудзіна па адрасе: СІЗА-12, Зеленаград, вуліца Панфілава, 21.