Аляксея Кудзіна таемна даставілі ў Мінск? Жонка заявіла пра знікненне
21 ліпеня апеляцыйны суд пакінуў ў сіле рашэнне Маскоўскага абласнога суду аб выдачы Беларусі Аляксея Кудзіна. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, спартоўца Аляксея Кудзіна ўжо даставілі ў Мінск, паведамляе «Свабода».
У камітэце «Грамадзянская дапамога», які юрыдычна падтрымліваў Аляксея Кудзіна, паведамілі, што спартоўца, праўдападобна, вывезлі з СІЗА ў Зеленаградзе (Расія) і на самалёце даставілі ў Менск.
Учора ў Аляксея Кудзіна скончыўся тэрмін утрымання пад вартай. Апеляцыйны суд Масквы пакінуў у сіле рашэнне выдаць яго афіцыйнаму беларускаму боку. Чальцы беларускай дыяспары ў Маскве, спявачка Анжаліка Агурбаш, адвакат Кудзіна і ягоная жонка Таццяна былі каля СІЗА ў Зеленаградзе да позняй ночы.
«У 19.40 з СІЗА выехаў мікрааўтобус з мігалкамі, у ім былі супрацоўнікі ФСВП (Фэдэральнай службы выканання пакаранняў, — РС). Мы мяркуем, што ў мікрааўтобусе быў Аляксей. Мы не здолелі б дагнаць мікрааўтобус, які едзе не па правілах і па вылучанай паласе. Людзі з беларускай дыяспары даведаліся, што Аляксей быў на рэйсе Масква — Мінск, які вылятаў з Шарамецьева ў 23.50. У 1.08 самалёт быў у Мінску», — расказалі Свабодзе ў камітэце «Грамадзянская дапамога».
«Праз знаёмых мы даведаліся, што быў такі пасажыр учора на рэйсе Аэрафлоту. Але я нічога не ведаю дакладна і цяпер іду пісаць заяву ў паліцыю пра тое, што ў мяне прапаў муж, — расказала Свабодзе жонка Аляксея Таццяна. — Я прыехала з малым дзіцем сустрэць тату, але нам не ўдалося. Цяпер, напэўна, вярнуся дадому, у Беларусь. Мы ўвесь гэты час заставаліся ў Беларусі, бо выехаць з такой колькасцю дзяцей няпроста — у нас іх пяцёра. Але я не збіраюся апускаць рукі, будзем працягваць змагацца».
Тое, што Аляксея Кудзіна хутчэй за ўсё вывезлі з СІЗА ў Падмаскоўі, выданню «Трыбуна» паведаміла і адвакатка камітэту «Грамадзянская дапамога» і абаронца спартоўца Марыя Красава.
У Беларусі Кудзіна абвінавачваюць па артыкуле 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадскі парадак). Максімальнае пакаранне — да 5 гадоў пазбаўлення волі.
21 ліпеня Еўрапейскі суд у правах чалавека (ЕСПЧ) забараніў экстрадыцыю беларускага атлета, спаслаўшыся на пераканаўчыя довады ягонай абароны.
«Мы настойваем, каб было прынятае пад увагу рашэнне ЕСПЧ аб стасаванні правіла 39 регляменту Суду», — зазначылі ў камітэце «Грамадзянская дапамога».
Сёння апоўначы прайшло паўгода зняволення Кудзіна.
Учора паведамлялі, што ў Маскву для затрымання кікбаксёра Аляксея Кудзіна выехалі прадстаўнікі сілавых структураў Беларусі. Як сцвярджае Фонд спартовай салідарнасці, іх апазналі пасажыры ў мінскім аэрапорце.
Раней маскоўскі суд не задаволіў скаргу абароны Аляксея Кудзіна, якая дамагалася забароны на экстрадыцыю ў Беларусь, дзе спартоўцу пагражае працяглы тэрмін зняволення нібыта за напад на міліцыянтаў падчас пратэстаў летась у жніўні.