Apple патрабуе заблакаваць тэлеграм-каналы з дэанонам беларускіх сілавікоў. Ці заблакуюць?
Apple запатрабаваў заблакаваць у Telegram каналы, дзе выкладваюць асабістыя даныя беларускіх сілавікоў. Пра гэта распавёў Павел Дураў.

Павел Дураў у сваім афіцыйным Telegram-канале распавёў пра тое, што Apple запатрабавала ад адміністрацыі месенджара выдаліць тры каналы, звязаныя з беларускімі пратэстамі. Там публікавалася асабістая інфармацыя сілавікоў, чыноўнікаў, чальцоў выбарчых камісій і іншых людзей, якія звязаныя з мінулымі выбарамі або здушэннем пратэстаў у Беларусі.
— Яны занепакоеныя тым, што публікацыя асабістых звестак супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прапагандыстаў можа справакаваць гвалт, — патлумачыў Павел Дураў пазіцыю Apple. — Я думаю, што гэтая сітуацыя не чорна-белая, і хутчэй пакінуў бы каналы, але, як правіла, Apple у такіх сітуацыях не прапануе асаблівага выбару для такіх праграм, як Telegram.
Павел Дураў дапускае, што на iOS у Telegram гэтыя каналы стануць недаступныя. Але яны застануцца на іншых платформах.
Між тым, распаўсюджваннем асабістай інфармацыі не грэбуюць і беларускія праўрадавыя прапагандысты. Некалькі тэлеграм-каналаў, што крытыкуюць пратэсты, рэгулярна публікуюць асабістую інфармацыю актывістаў, пратэстоўцаў, журналістаў незалежных СМІ. Там фігуруюць і нумары мабільных тэлефонаў, і дата нараджэння, і поўныя прозвішча, імя, месца працы, адрасы рэгістрацыі, рэгістрацыйныя нумары і маркі аўтамабіляў.
Паводле onliner.by