У кватэру да жыхара Прылукаў, дзе было малалетняе дзіця, ламіліся сілавікі, пагражалі выламаць дзверы

Сёння зранку каля трох гадзінаў да Андрэя Бародзіча, жыхара вёскі Прылукі пад Мінскам, ламіліся амапаўцы, супрацоўнікі МНС з сякерамі і людзі ў цывільным, пагражаючы выламаць дзверы.

img_2572_1_logo_1.jpg

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Усяго непажаданых гасцей было 6 ці 8 чалавек. Кватэру ім не адчынілі. У кватэры знаходзяцца тры чалавекі — сам Андрэй, яго жонка і маленькая дачка, якой няма яшчэ двух гадоў.
Бацька Андрэя Алег Бародзіч распавёў «Новаму Часу»:
 А 8.30 раніцы мне тэлефануе сын і гаворыць: «Да мяне бандыты ў дзверы ломяцца». Я адразу не зразумеў, здзівіўся — якія бандыты? — «А вось, у масках стаяць, патрабуюць адчыніць дзверы, іначай будуць узламваць».
Прычыну ўварвання непажаданыя госці не патлумачылі, заявіўшы, што збіраюцца праводзіць ператрус.  
Бацька тут жа прыехаў да сына і ўбачыў, што каля дома ходзяць супрацоўнікі МНС з сякерамі, каб ламаць дзверы. Аднаго з прысутных мужчын у цывільным ён папрасіў прадставіцца. Той здалёк паказаў пасведчанне супрацоўніка МУС. Тлумачыць падставы ўварвання ён адмовіўся, ордар на ператрус таксама не прадаставіў.
— Потым ён адвёў мяне ў бок і сказаў: «Дзякуйце таму, што ў ватэры малалетняе дзіця, таму дзверы ламаць не будзем, а кінем яму позву». І ён паказаў мне пастанову аб ператрусе ў сувязі са следчымі мерапрыемствамі. Там было напісана пра рганізацыю масавых беспарадкаў, падпалаў, супраціў. У мяне ажно валасы дыбарам усталі: ён ні на якія маршы ў жыцці не хадзіў, толькі сцяг на балконе вісеў і на дваравыя сустрэчы выходзіў!
Па словах суразмоўцы, сілавікі больш за тры гадзіны тэрарызавалі ўсю сям’ю. Цяпер яны з’ехалі, а да Андрэя Бародзіча прыехаў адвакат.