Рэдактарка «Моцных навін» у ІЧУ, будзе суд
Сёння днём у Гомелі каля дома галоўнай рэдактаркі "Моцных навін" Ганны Якштас стаялі міліцэйскія машыны і трое супрацоўнікаў міліцыі.
Рэдакцыя "Моцных навін" звярнулася ў прэс-службу УУС Гомельскага аблвыканкама за тлумачэннем
сітуацыі. Афіцыйны прадстаўнік ведамства Віталь Прыстромаў адказаў: "Дам
вам каментар, калі вы скажаце нумар пасведчання аб рэгістрацыі
сеткавага выдання".
А супрацоўнікі міліцыі каля дома Ганны сказалі, што забіраюць Якштас у Савецкі РАУС на
апытанне, якое зойме гадзіну, а пасля адпусцяць. Але каля 19.40 стала вядома, што Якштас будуць судзіць. Яе пакінулі ў ІЧУ да суда.
Нагадаем, 3 кастрычніка Ганну Якштас і яе мужа, супрацоўніка "Моцных навін" Дзяніса Якштаса затрымалі. З іх дома забралі тэхніку. 6 кастрычніка Ганну асудзілі за нібыта "ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу" і далі штраф у 20 базавых велічынь.
Ганну забралі ў аддзяленне міліцыі па артыкуле 23,34 за ўдзел у акцыі, якая не адбылася, у дзень таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі 23 верасня.
У якасці доказу яе ўдзелу ў мітынгу міліцыянты паказалі фота, нак якім Ганна і яшчэ 10 чалавек стаяць у той дзень у цэнтры горада.