Арганізатары канцэрта на Дзень Волі адмовіліся плаціць за паслугі міліцыі

Арганізатары канцэрта ў гонар Дня Волі, які прайшоў 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы ў Мінску, адмовіліся плаціць за паслугі міліцыі і перадалі ў ГУУС Мінгарвыканкама пісьмовую прэтэнзію пра скасаванне дагавора. Таксама яны не выключаюць, што справа дойдзе і да падачы заявы ў суд.

Фота з фейсбука Юрыя Губарэвіча

Фота з фейсбука Юрыя Губарэвіча

Пра гэта на сваёй старонцы ў фейсбуку напісаў адзін з арганізатараў мерапрыемства Юрась Губарэвіч.
Ён звярнуў увагу, што самі па сабе такія паборы сумнеўныя з пункту гледжання Канстытуцыі, бо працу міліцыі мы аплацілі сваімі падаткамі і на масавыя мерапрыемствы маем законнае права. Але ў выпадку з выкананнем міліцыяй сваіх абавязкаў у Кіеўскім скверы ёсць шэраг пытанняў.
Губарэвіч узгадвае, што падчас мерапрыемства невядомыя асобы выкралі з пляцоўкі, якая ахоўвалася міліцыяй, і звезлі ў невядомым накірунку Зміцера Дашкевіча і Віталія Рымашевскага. «Гэта было менавіта выкраданне, а не затрыманне, бо на нападніках не было знакаў адрознення, яны не прадставіліся і не назвалі прычыны “затрымання“. Прысутныя на мерапрыемстве супрацоўнікі міліцыі ў форме адмаўляліся рэагаваць на гэты інцыдэнт і нават паведаміць, хто каардынуе іх працу ў Кіеўскім скверы».
Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі, якія знаходзіліся на пунктах пропуску, незаконна не дазвалялі ўдзельнікам масавага мерапрыемства пакінуць тэрыторыю з разгорнутымі бел-чырвона-белымі сцягамі. На спробы атрымаць тлумачэнні такіх паводзінаў міліцыянты нічога не адказвалі і пагражалі затрыманнямі.
Пытанні вызываюць таксама маніпуляцыя з лічбай удзельнікаў. «Супрацоўнікі міліцыі неаднаразова звярталіся да арганізатараў з паведамленнем, што колькасць удзельнікаў перавысіла заяўленую і заяўнікам мерапрыемства давядзецца даплаціць за паслугі міліцыі. Паводле міліцыянтаў у Мінску сабралася да 1,500 чалавек, у той час, як у Гародні яны зафіксавалі лічбу ў 2,5 разоў меншую — 600 чалавек. Але ж мы з вамі ведаем з паведамленняў некаторых незалежных СМІ, што насамрэч усё было роўна наадварот».
Ад колькасці ўдзельнікаў залежыць кошт на паслугі міліцыі па ахове грамадскага парадку: тры базавыя — для мерапрыемства на дзесяць чалавек, 25 базавых — да сотні чалавек, 150 базавых для мерапрыемства ад сотні да тысячы чалавек, калі яшчэ больш людзей — 250 базавых (6375 рублёў). У дагаворы арганізатары паказалі, што на канцэрт прыйдзе да тысячы чалавек. Але пасля канцэрту ў Мінгарвыканкаме арганізатарам выдалі акт на аплату паслуг міліцыі па ахове правапарадку на мітынгу, у якім першапачатковая сума павялічылася з 3825 да 6375 рублёў.