Арнітолагі: сёлетняе лета катастрофа для гнездавання белых буслоў
Лета 2015 стане адным з самых няўдалых для гнездавання белых буслоў, паведамляе грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
29 чэрвеня ў Беларусі стартаваў ўлік і кальцаванне гэтых птушак. Спецыялісты адзначаюць нізкі працэнт паспяхова гняздуючых пар і невялікую колькасць птушанят. Па дадзеных арнітолагаў, такая сітуацыя выклікана сухой малаводнай вясной, раптоўнымі халадамі ў яе сярэдзіне, а таксама летняй засухай і перасыханнем вадаёмаў.
У гэтым годзе ў вывадку па адным-два птушаняці, па тры птушаня сустракаецца вельмі рэдка.
Арнітолагі ўжо называюць гэты сезон катастрофай для гнездавання буслоў. Кажуць, што падобнага на Прыпяці не было больш за 20 гадоў.
Мясцовыя жыхары расказваюць, што буслы выкідалі з гнёздаў яйкі і птушанят, пакідаючы па адным-два. Так птушка спрабуе захаваць хоць бы частку нашчадкаў, калі разумее, што не зможа выкарміць ўсіх. Людзі імкнуліся дапамагчы, падбіралі птушанят і спрабавалі выходжваць.
Кальцаванне птушанят белага бусла праводзіцца ў Беларусі трэці год. За гэты час было заўважана больш за 400 птушанят. У гэтым годзе для кальцавання нарыхтавана 300 кольцаў, ужо выкарыстана 185 з іх.