Арт Сядзіба прэзентуе форму для футбольнай зборнай Беларусі
Прэзентацыю новай гульнявой формы галоўнай футбольнай каманды краіны плануюць зладзіць 3 верасня каля Нацыянальнага мастацкага музея.

У якасці тэхнічнага партнёра АБФФ выступіць кампанія «Macron». Італьянскім вытворцам спартыўнай экіпіроўкі распрацаваны ўнікальны дызайн з выкарыстаннем нацыянальных элементаў.
Імпрэза пройдзе 3 верасня ў 19.30 на пляцоўцы каля Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (г. Мінск, вуліца Леніна, 20). У панядзелак увечары ўсе жадаючыя змогуць ўпершыню ўбачыць новыя камплекты хатняй і выязной формы, у якіх нацыянальная зборная Беларусі па футболе будзе праводзіць матчы розыгрышу Лігі нацый УЕФА, а таксама кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы УЕФА 2020 года.
Акрамя самой прэзентацыі пры падтрымцы крамы «Symbal.by» і культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзiба» для заўзятараў будзе падрыхтаваны шэраг актыўнасцяў, уключаючы вулічны тэатр, шоу бубначоў, аквагрым, выступы музычных гасцей, а таксама розныя конкурсы.
На мерапрыемстве ўсе жадаючыя змогуць набыць квіткі на бліжэйшыя матчы «белакрылых», а таксама новую футбольную атрыбутыку нацыянальнай зборнай. Па завяршэнні прэзентацыі адбудзецца аўтограф-сесія з удзелам гульцоў нацыянальнай каманды.

Летась «Арт Сядзіба» сумесна з АБФФ прэзентавалі матывацыйны футбольны кліп на песню гурта Laurynienka «Гэй, малады» ў межах конкурсу «Мова-Музыка-Футбол».