Асцярожна, чыноўніцтва!
Міліцыя папярэджвае грамадзян, якія звяртаюцца па дапамогу да чыноўніцтва.
Пра гэта НЧ паведаміла актывіста Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, жыхарка горада Бабруйск Валянціна Каваленка.
28 жніўня яе выклікалі па тэлефону на прафілактычную гутарку да намесніка начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкама, палкоўніка міліцыі Аляксандра Сяргеева ў сувязі са скаргамі
жанчыны ў Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым Валянціне Каваленка спачатку не назвалі прычыну выкліку і зрабілі гэта толькі пасля таго, як яна адмовілася прыйсці без
матывіроўкі.
Жанчыне было вынесена афіцыйнае папярэджанне. Ёй забаронена парушаць парадак у грамадскіх месцах і нецэнзурна лаяцца, выказваць у адносінах да чыноўнікаў падчас выканання імі службовых абавязкаў
абразлівыя і паклёпніцкія довады, што не пацвярджаюцца дакументальна, а таксама прымаць удзел у незаконных мітынгах, дэманстрацыях і пікетаваннях, якія парушаюць правапарадак і правы другіх
грамадзян.
Пры невыкананні гэтых палажэнняў папярэджання жанчына будзе прыцягнутая да адказнасці. На папярэджанні Каваленка напісала, што яна з’яўляецца законапаслухмянай грамадзянкай, не парушала і не
парушае законы Рэспублікі Беларусь.
Падобнае адбылося і з актывісткай ініцыятывы, жыхаркай Мазыра Галінай Герасімавай. На працягу жніўня яе спачатку выклікалі да начальніка аддзела ўнутраных спраў Мазырскага райвыканкама,
падпалкоўніка міліцыі Пятра Зыкуна, а потым жанчыну наведаў участковы міліцыянер, капітан міліцыі Анатоль Кубскі.
Прычынай гэтых сустрэч таксама сталі лісты з Адміністрацыі прэзідэнта з інфармацыяй пра тое, што Герасімава зневажала супрацоўнікаў адміністрацыі і службы бяспекі кіраўніка дзяржавы. На пратаколе
апытання, складзеным участковым, Герасімава напісала, што абвінавачванні, якія інкрымінуюцца ёй, з’яўляюцца паклёпніцкімі, і прапанавала апытаць сведак з ліку ўдзельнікаў ініцыятывы, а
таксама дала іх адрасы і тэлефоны.
Каментуючы гэтыя падзеі, юрыстка Тамара Сяргей адзначыла, што ў адносінах да ўдзельнікаў ініцыятывы пачалася чарговая кампанія запалохвання. «Замест таго, каб вырашаць праблемы
грамадзян, некаторыя чыноўнікі пагражаюць людзям, выкарыстоўваючы праваахоўныя органы, а таксама імкнуцца падмануць грамадзян. Але падмануць хаду гісторыі нікому і ніколі не ўдавалася. Бо хітрасць
— толькі пачатак розуму, а да яго вянца — мудрасці — вельмі доўгі шлях, на які здольны не кожны», — сказала юрыстка.