Асцярожная беларуская салідарнасць: мінчукі прынеслі свечкі і кветкі да помніка Шаўчэнкі

Пасля распаўсюджвання інфармацыі пра забітых і параненых у выніку сутыкненняў пратэстуючых з байцамі спецпадраздзялення «Беркут» у цэнтры Кіева беларусаў сталі заклікаць у знак салідарнасці з украінцамі прыносіць кветкі і свечкі да пасольства Украіны ці помніку Тарасу Шаўчэнка, які знаходзіцца непадалёк.



pamyatnik_shevchenko.jpg

«Не трэба лозунгаў і шэсцяў, прыйдзіце ў адзіночку і прынясіце кветкі. Мае 6 чырвоных руж кіроўца пасольскага джыпа забраў на працягу 40 секунд. Гэта ўсё, што яны могуць зрабіць супраць. Але побач ёсць помнік Тарасу Шаўчэнка, дзе яны нікому не перашкаджаюць», - напісала Таццяна Гацура-Яварская.
У светлы час дня на гэтую ініцыятыву хутка адрэагавалі і беларускія праваахоўнікі: дзяжурны міліцыянт перапісваў дадзеныя салідарных. Каля 19 гадзін каля помніка Шаўчэнкі было нешматлюдна, дзяжурны ў пагонах цікавасці да тых, хто падыходзіў, не выяўляў, неахвотна адказваў на шматлікія званкі.
«Аднеслі кветкі да помніка Шаўчэнкі. Ідзем міма амбасады - там у цэнтры тратуара стаіць адзінокая свечка. Трое міліцыянтаў падыходзяць, забіраюць свечку, - я ўжо гатова пайсці з імі гаварыць, - але яны проста беражліва перастаўляюць свечку бліжэй да варот амбасады і ідуць далей..» - напісала ў сябе ў Facebook праваабаронца Юлія Хлашчанкова.
Каля 20 гадзін вечара бронзавы ўкраінскі класік Шаўчэнка стаяў у ганарлівай адзіноце, а ногі яму грэлі з дзясятак свечак. У тое месца, куды падае яго позірк, паміж кветак, паклалі напісаную буйным шрыфтам запіску: «За нашу і вашу свабоду».

TUT.BY