Астравец. Мікалай Уласевіч патрабуе ад мытні кампенсацыю

Грамадскі актывіст з Астравеччыны Мікола Уласевіч выставіў сустрэчны іск у Ашмянскі раённы суд да Ашмянскай рэгіянальнай мытні па яе іску аб прызнанні забраных у актывіста рэчаў на мяжы нічыйнымі. Яшчэ 10 красавіка 2011 года пры пераездзе Уласевічам мяжы ў пункце пропуску Катлоўка, яго аўтамабіль быў затрыманы.  



ulasevichmikola.jpg

Грамадска-палітычны актывіст Мікалай Уласевіч

Цягам трох гадзін мытнікі даглядалі машыну і асабістыя рэчы Уласевіча. У выніку ў яго былі забраныя дыктафон, тры дыскі DVD, 18 сцікераў «Фукусіма», а таксама два навучальныя дапаможнікі «Чарнобыльскія ўрокі» і альтэрнатыўны даклад па праблеме пабудовы АЭС. Усе пазнейшыя звароты Уласевіча ў Ашмянскую мытню з патрабаваннем вярнуць гэтыя асабістыя рэчы, засталіся без задавальнення.

Уласевіч даводзіць, што яго асабістыя рэчы затрымліваліся нібыта для правядзення крыміналістычнай экспертызы УК ГБ па Гарадзенскай вобласці, мэту якой яму так і не патлумачылі. Экспертызу прызначылі толькі на 38-ы дзень, а афіцыйны адказ па сваім запыце Уласевіч так і не атрымаў. Замест гэтага яму даслалі адказ ад ідэалагічнага аддзелу аблвыканкаму зусім па іншым пытанні.

Мікалай Уласевіч зараз просіць суд спагнаць з адказчыка 800 тысяч рублёў (кошт дыктафона), а таксама кампенсаваць яму маральныя страты незаконным забіраннем асабістых рэчаў агульнай сумай 9 мільёнаў рублёў. Прычым гэтыя 9 мільёнаў ён просіць пералічыць на рахунак арганізацыі, якая займаецца пабудовай у мястэчку Варняны царквы.
 

Паводле сайтаspring96.org