Аўтары петыцыі супраць бел-чырвона-белага сцяга рассылаюць лісты ў прыватныя кампаніі

Просьбу падпісацца супраць гістарычнага сімвала ўжо атрымалі дзясяткі прадпрыемстваў.

mart.jpg

Адна з чытачак сайта «Салідарнасць» паведаміла, што на электронны адрас прыватнай кампаніі, у якой яна працуе, прыйшоў ліст з просьбай падпісаць петыцыю супраць бел-чырвона-белага сьцяга.
Ліст быў атрыманы з адрасу forex.underwhereas@yahoo.com, у якасці подпісу пазначана «Антось Мартыненка». Аўтар ліста просіць атрымальнікаў распаўсюджваць яго сярод сваіх сяброў.Мяркуючы па адрасах, на якія былі дасланыя копіі ліста, яго атрымалі дзясяткі прыватных кампаній — ад зборнікаў і прадаўцоў мэблі, да вясельных салонаў і аўтараў сувеніраў ручной работы.
З суправаджальнай інфармацыі аб петыцыі становіцца ясна, што гаворка ідзе пра збор подпісаў, арганізаваны напрыканцы верасня мінчуком Уладзімірам Рыжанковым.
Як пісала ў кастрычніку «Наша Ніва», Рыжанкоў з'яўляецца актывістам Нацыянальна-вызвольнага руху (НОД) — фрыкаватай прарасійскай арганізацыі, якая лічыць, што «беларусы — гэта праект Аўстра-Венгрыі».
На старонцы аўтара петыцыі Ўкантакце пазначана, што ён падпісаны на групы «Агонія Еўропы — бывай Еўразвяз», «Клуб сяброў Пуціна», «Камуністы Магілёўшчыны», «НОД Маларосіі» і іншыя супольнасці з не менш гучнымі назвамі.
За тры месяцы пад петыцыяй падпісаліся 444 чалавекі. Аўтар петыцыі ставіць перад сабой мэту сабраць 555 подпісаў.
Мабыць, млявая рэакцыя беларусаў на ініцыятыву Рыжанкова прымусіла яго самога ці яго аднадумцаў заняцца рассыланнем спаму.
Нагадаем, што петыцыю маладафронтаўцаў з заклікам прызнаць бел-чырвона-белы сцяг нацыянальнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю, падпісалі 2300 чалавек.