«Б'юць усіх... Аднаму там проста ніткай рот рвалі» — Лявон Халатран пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА
Практычна ўсіх зняволеных мужчын у СІЗА б'юць, расказаў валанцёр штаба Віктара Бабарыкі Лявон Халатран пасля прысуду суда, паведамляе «Еўрарадыё».
У пятніцу, 19 лютага, Лявона Халатрана асудзілі на два гады «хіміі» за актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Сваёй віны Халатран не прызнаў. На час абскарджвання прысуду яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
«Усіх хлопцаў, якія сядзяць у СІЗА — усё роўна па якіх артыкулах — усіх б'юць. Гэта ў парадку рэчаў. Аднаму там проста ніткай рот рвалі», — расказаў Халатран.
Ён удакладніў, што гаворка ідзе пра Вячаслава Ламаносава, 52-гадовага мужчыну, які на вулічнай акцыі даў аплявуху аператару БТ. У сярэдзіне студзеня суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў Ламаносава вінаватым у хуліганстве і «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», і адправіў на два гады ў калонію агульнага рэжыму.