Бабруйск: Жыхары замярзаюць ва ўласных кватэрах

У жыхароў дома №88 і інтэрната №17 па вуліцы Леніна ў Бабруйску праблемы з ацяпленнем пачаліся яшчэ ў сярэдзіне снежня. На вуліцы было пад 20 градусаў марозу, а ў пакоях градуснікі паказвалі ад +9 да +14. Жыхарам двух будынкаў, падключаных да міні-ЦЭЦ ад фабрыкі ФанДАК, даводзіцца хадзіць дома ў цёплых рэчах і спаць у іх жа.



babr_holad_1.jpg

Жыхарка дома №88 Людміла Баева расказвае, што на самай справе праблемы з ацяпленнем пачаліся некалькі гадоў таму, пасля пераводу гэтых двух будынкаў на ацяпленне ад міні-ЦЭЦ.

«Перапіску з гарвыканкамам, камунальнымі службамі вядзем даўно. У мяне ёсць дакумент, датаваны 2009 годам, дзе ў адказ на скаргі нам паабяцалі, што падключаць дом да сістэмы гарадскога ацяплення. Гэта было рашэнне гарвыканкама. Але ўжо праз нейкіх паўгода мы атрымалі іншую паперу ад чыноўнікаў, у ёй гаварылася, што ФанДАК устанавіў новую міні-ЦЭЦ, якой хопіць, каб абагрэць і фабрыку, і два жылыя будынкі. З тых часоў мерзнем яшчэ больш. Напрыклад, у нашым доме тэмпература адрозніваецца нават па паверхах. Я жыву на другім, і ў мяне +9 градусаў, у суседзяў знізу даходзіць да +14. Але яшчэ больш шкада нам маленькіх дзяцей, што жывуць у суседнім будынку, у інтэрнаце. Знаходзіцца пастаянна ў такім холадзе вельмі небяспечна», — адзначае Людміла Баева.

Перапіска бабруйчан з чыноўнікамі працягваецца і дасюль. У снежні сюды прыязджала камісія, рабілі замеры тэмпературы, гучалі абяцанні. З тых часоў прайшоў амаль месяц, а ў кватэрах бабруйчан цяплей не стала.

Жыхары інтэрната №17 кажуць, што даволі часта ў будынак завітваюць камунальнікі, робяць замеры — і на гэтым усё.

«Сказалі, трэба чакаць да сакавіка, а наперадзе самыя моцныя маразы. Паабяцалі, што калі будзе больш за 10 градусаў марозу, будзе пушчана «аварыйнае цяпло», але пакуль яго не пускалі, хаця тэмпература нават большай была. Куды ўжо звяртацца, я не ведаю, відавочна, што нашы праблемы чыноўнікаў не цікавяць. Калі б нашы скаргі былі пачутыя яшчэ некалькі год таму, да такога не дайшло б», — сумна уздыхае Людміла Баева.

Паводле сайтаspring96.org