Бабруйскі актывіст не вярнуўся пасля гутаркі ў Следчым камітэце

57-гадовага бабруйчаніна, былога лідара незалежнага прафсаюзу на «Белшыне» Сяргея Гурло 11 лютага выклікаў на «гутарку» следчы, і дадому ён не вярнуўся, паведамляе «Радыё Свабода».

babruysk.by

babruysk.by

У выпадку зняволення актывіст абяцаў абвясціць галадоўку.
Перад візітам у Бабруйскі міжраённы аддзел Следчага камітэту актывіст паведаміў журналістам, што яго «запрасіў на гутарку следчы, які вядзе палітычныя справы» і з якім ён знаёмы праз расследаванне крадзяжу. Свой інтарэс аператыўнік патлумачыў тым, што яму трэба «нешта паказаць і ўзяць тлумачэнні». Па словах Гурло, следчы не даў яму гарантыяў, што ён не будзе затрыманы. У выпадку зняволення актывіст абяцаў абвясціць галадоўку.
У вечары 11 лютага на тэлефанаванні Сяргей Гурло не адзываўся. Ягоная жонка Алена думае, што ў кватэры быў ператрус, бо прапаў кампутар. Пазней жанчыне паведамілі, што мужа затрымалі, як яна кажа, нібыта за абразу прадстаўніка ўлады. 15 лютага ёй патэлефанаваў следчы і запэўніў, што Сяргея адпусцяць у сераду 17 лютага.

Пайшоў на пенсію, каб «не карміць падаткамі сілавікоў»


Сяргея Гурло не аднойчы затрымлівалі за ўдзел у пратэставых акцыях. У верасні на знак пратэсту супраць незаконнага зняволення ён 7 дзён галадаў у ізалятары і схуднеў на 5 кілаграмаў.
1 лютага ён звольніўся з «Белшыны» у сувязі з выхадам на пенсію, хаця мог яшчэ працаваць. Сваё рашэнне тлумачыў тым, што «не хоча падаткамі карміць сілавікоў».
На прадпрыемстве адрабіў вулканізатарам шынаў амаль 35 гадоў. Быў старшынём заводскай суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу. У 2006 годзе ўдзельнічаў у калектыўным галадаванні работнікаў супраць пераследу адміністрацыяй прафсаюзу.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаннем інфармацыі БелаПАН.