Бабруйскую журналістку пакаралі буйным штрафам

Бабруйскі суд аштрафаваў журналістку выдання «Бабруйскі кур’ер» Марыну Маўчанаву на 32 базавыя велічыні — 4 мільёны 800 тысяч рублёў.  



ab97aab8_bbdc_475d_be97_5b3d9206e64c_w640_r1_s.jpg

Суддзя Наталля Чарапуха прызнала яе вінаватай у незаконным распаўсюдзе і вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі. Адміністрацыйны пераслед за журналісцкую дзейнасць Маўчанавай пачалі супрацоўнікі бабруйскай міліцыі. Яны, як заяўляецца ў матэрыялах справы, у ходзе маніторынгу інтэрнэт-сеціва выявілі публікацыю журналісткі на сайце тэлеканалу «Белсат».

Марына Маўчанава сябе вінаватай не прызнае. Заяўляе, што суд не даказаў яе віны. Абвінавачванні лічыць беспадстаўнымі, бо на яе думку, яны парушаюць ратыфікаваны Беларуссю Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама яе канстытуцыйнае права на свабоднае распаўсюджанне інфармацыі.

Суду і Марына Маўчанава і яе адвакат спрабавалі давесці, што артыкул адміністрацыйнага кодэксу, які нібыта быў парушаны, не можа выкарыстоўвацца як абвінавачванне журналіста, а толькі сродку масавай інфармацыі.

"Усе нашы довады былі праігнараваныя. Суддзя, як мне падаецца, наагул не слухала, што мы кажам. І вынесла свой вырак",— каментуе вынік суду Марына Маўчанава.

Адміністрацыйны пераслед Маўчанава разглядае як спробу запалохаць журналістаў перад прэзідэнцкімі выбарамі. Яе пакаранне не першае ў Беларусі.

«Калі я знаёмілася з матэрыяламі справы, то ўбачыла ў іх копіі матэрыялаў на іншага незалежнага журналіста Алеся Залеўскага. Ягоная справа разглядалася ўлетку Карэліцкім судом. Матэрыялы гэтай справы не былі падшытыя да маёй справы, а проста былі ў яе ўкладзеныя. Я напісала скаргу ў Міністэрства юстыцыі. На судзе хадайнічала, каб быў адкладзены працэс, пакуль не будзе адказу. Суддзя заявіла, што не бачыла ніякіх копіяў іншых спраў. Я так разумею, што справа Залеўскага была для міліцыі і суда як шаблон як дзейнічаць у сітуацыі з маёй справай", — заяўляе Марына Маўчанава.

Алеся Залеўскага пакаралі на 30 базавых велічыняў — Маўчанаву на 32.

На Магілёўшчыне акрамя Марыны Маўчанавай пад пераслед за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежнымі СМІ патрапіў магілёўскі журналіст Аляксандр Буракоў. Яго вінавацяць у тым, што ён працуе на «Нямецкую хвалю».

На Гарадзеншчыне пакаралі штрафамі за супрацу з замежнымі СМІ акрамя Алеся Залеўскага — Андрэя Мялешку ды Алеся Дзянісава.

У Гомелі пракурорскія папярэджанні вынеслі Міколу Бянько і Юліі Сівец.

Спробы абскардзіць пакаранні ў судовым парадку засталіся незадаволенымі.

www.svaboda.org