Бацьку Мікалая Статкевіча абнадзеілі словы пра магчымае датэрміновае вызваленне сына
Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый Баранавічаў 22 чэрвеня традыцыйна наведалі Статкевіча Віктара Паўлавіча. Тэма вайны, якую перажыў Віктар Паўлавіч, застаецца і сёння вельмі хвалюючай ў яго асабістым жыцці.
У такі дзень заўсёды ёсць аб чым пагаварыць і ўспомніць жахлівыя старонкі ваеннага і паваеннага жыцця.
Але найбольшае абмеркаванне выклікала меркаванне былога міністра міжнародных спраў Славакіі Павала Дэмэша, які паведаміў карэспандэнту Радыё “Свабода”, што, магчыма, Мікалай Статкевіч будзе выпушчаны на волю перад візітам прэзідэнта Лукашэнкі да Папы Рымскага ў верасні 2015 года.
— Вось так мы сёння размаўлялі то пра вайну, то пра нашых палітвязняў. Мы зрабілі Віктару Паўлавічу электронную падборку цікавых артыкулаў пра асноўныя падзеі і вынікі Другой сусветнай вайны, пра сучасную мілітарызацыю і неафашызм у свеце, пра стаўленне да свята Перамогі ў былых краінах антыгітлераўскай кааліцыі, — распавяла Анжаліка Камбалава.
Размаўляючы пра сённяшніх беларускіх палітвязняў, абмяркоўвалі праблемы, з якімі яны сутыкаюцца апошнім часам: аб затрымцы бандэролі з лекамі, якая ішла да Мікалая Статкевіча 15 дзён, пра правакацыі супраць палітвязня Мікалая Дзядка, які правёў ужо ў штрафным ізалятары 22 дні, пра суды за расцяжку “Свабоду Юрыю Рубцову!”. Гучала надзея на магчымасць датэрміновага вызвалення Мікалая Статкевіча і астатніх палітвязняў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.