Бацька хлопца, якому пагражае «крыміналка» за фота з гідрантам, прадае дом, каб аплаціць адваката

Жыхар Століна Аляксандр Ігнацюк прадае дом у вёсцы Ястрабель, каб сабраць грошы на аплату паслуг адваката для свайго сына. Падчас пратэстаў 4 кастрычніка 27-гадовы хлопец сфатаграфаваўся з гідрантам ад вадамёта, а цяпер праходзіць падазраваным па крымінальнай справе па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

vadamet_89.jpeg


Сына Аляксандра, Мікіту Ігнацюка, затрымалі ў Мінску 4 кастрычніка пасля нядзельнай акцыі пратэсту. Па рашэнні суда ён адбыў 15 сутак арышту. У панядзелак, 19 кастрычніка, родныя Мікіты прыехалі ў сталіцу сустрэць сына — але з Акрэсціна ён да іх так і не выйшаў.
— Сына павінны былі выпусціць у 19.50. Мы прыехалі, чакаем. Прайшло 10 хвілін. Прайшло яшчэ 20 хвілін. Ніхто. Праз гадзіну нам сказалі, што яго забрала следства. На наступны дзень мы паехалі ў ІЧУ, потым у Следчы камітэт, — распавядае бацька Мікіты.

Мікіта з бацькам. Фота Першы рэгіён

Мікіта з бацькам. Фота Першы рэгіён

Праз адваката Аляксандр даведаўся, што сын з'яўляецца адным з падазраваных па крымінальнай справе, якая звязаная з разукамплектацыяй вадамёта падчас акцыі пратэсту 4 кастрычніка. Пракурор Мінска Алег Лаўрухін, каментуючы гэтую гісторыю, заявіў, што па дадзеным факце ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 364 КК па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Нібыта таму што за рулём спецмашыны знаходзіўся супрацоўнік.
Паводле Аляксандра Ігнацюка, Мікітавага бацькі, 20 кастрычніка быў першы допыт у прысутнасці адваката. У справе ёсць два тлумачэнні, узятыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў у рамках папярэдняй праверкі. Мікіта ад пачатку віны не прызнаваў, паказанняў не мяняў.
Галоўным доказам «супрацьпраўных дзеянняў», з словаў абаронцы, стаў матэрыял на тэлеканале АНТ, у якім столінца абвінавацілі ў «раскамплектаванні вадамёта». Сам Мікіта назваў сюжэт паклёпам.
Аляксандр настойвае, што яго сын да гэтага не мае дачынення — ён проста сфатаграфаваўся з гідрантам.
— Я паглядзеў усё відэа [з вадамётам]. Яго там нідзе няма.


Зараз Мікіта знаходзіцца ў ІЧУ. Бацька збірае сродкі на аплату паслуг адваката. Для гэтага ён хоча прадаць дом у вёсцы Ястрабель Столінскага раёна.
—  Кожнае працэсуальнае дзеянне абыходзіцца ў 300 рублёў адвакату, як мне сказалі. Там у вёсцы я — адзіны жыхар. Лічы, усю вёску прадаю. Месца там добрае, побач возера Чартаўскі вір, — кажа Аляксандр.
Калі вы хочаце дапамагчы сям'і Мікіты, можаце пералічыць сродкі на банкаўскую карту яго сястры — 4177 5311 0866 4155 да 05/21 ANASTASIYA IHNATSIUK — або звярнуцца па пытанні куплі дома да яго бацькі па нумары +375 29 111 49 49.
Паводле news.tut.by, spring96.org