Баранавіцкі праваабаронца абскардзіць забарону пікета да Дня правоў чалавека
Праваабаронца Сяргей Гоўша падаў скаргу ў гарадскі суд на рашэнне Баранавіцкага гарадскога выканаўчага камітэта, згодна з якім быў забаронены пікет, прысвечаны 66-й гадавіне прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.
Сяргей Гоўша
Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, у скарзе адзначаецца, што з адказу гарвыканкама незразумела, што ж канкрэтна парушана заяўнікамі.
Сяргей Гоўша таксама ўказвае, што, акрамя закона і рашэння гарвыканкама аб масавых мерапрыемствах, чыноўнікі павінны кіравацца пастановай Савета міністраў ад 5 сакавіка 2012 года № 207, якая
абавязвае выканаўчую ўладу на працягу аднаго дня перадаць пададзеную заяўку на масавае мерапрыемства ў праваахоўныя органы для арганізацыі аховы яго ўдзельнікаў. Праваабаронца лічыць, што замест
таго, каб прывесці сваё рашэнне аб масавых мерапрыемствах у Баранавічах у адпаведнасць з пастановай Саўміна, мясцовыя чыноўнікі незаконна патрабуюць ад заяўнікаў пікетаў і сходаў заключэння дагавора
з міліцыяй. І на падставе таго, што такога дагавора заяўнікі пікета не прадставілі разам з заявай, ім не даецца дазволу на яго правядзенне.
Гоўша просіць суд адмяніць рашэнне гарвыканкама аб забароне пікета, якое, на яго думку, незаконнае і парушае правы заяўнікаў, прыцягнуць да адказнасці намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама
Захарчука за парушэнне тэрміну адказу на заяву арганізатараў масавага мерапрыемства, а таксама прыцягнуць да адказнасці прадстаўнікоў Баранавіцкага гарвыканкама, адказных за выкананне пастановы
Саўміна ад 5 сакавіка № 207.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН