БАЖ атрымае ад Украіны Нацыянальную прэмію за свабоду слова
«Беларуская асацыяцыя журналістаў» стала сёлетнім лаўрэатам Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны свабоды слова, паведамляе «Радыё Свабода».
Пра гэта са спасылкай на рашэнне сакратарыята паведаміў старшыня «Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны» Сяргей Таміленка.
Ён адзначыў, что рашэнне аб прысуджэнні Нацыянальнай прэміі ў абарону свабоды слова імя Ігара Лубчанкі (шматгадовы старшыня журналісцкай арганізацыі Украіны) беларускім калегам, якія зазналі рэпрэсіі на радзіме, ёсць праявай салідарнасці і падтрымкі.
«За апошні год незалежныя беларускія журналісты падвяргаліся жорсткаму ціску з боку ўлад, сотні былі збітыя і рэпрэсаваныя, дзясяткі адпраўленыя ў турмы. Рэжым Лукашэнкі пераследуе кіраўніцтва БАЖ і пазбавіў арганізацыю легальнага статусу. Нашы калегі з'яўляюцца прыкладам для ўсіх украінскіх журналістаў, як змагацца за свае правы, быць вернымі каштоўнасцям свабоды слова і сваёй прафесіі», — адзначыў Сяргей Таміленка.
Беларускія ўлады дзейнасць БАЖ ацэньваюць зусім інакш. 4 лістапада Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ беларускіх карыстальнікаў да сайта арганізацыі, а да таго ў жніўні Вярхоўны суд абнуліў рэгістрацыю.
Кіраўніцтва БАЖ лічыць ліквідацыю аб’яднання, як і блакаванне інтэрнэт-старонкі, абсалютна неправавымі мерамі. 26 гадоў арганізацыя законна і адкрыта дапамагала чальцам абараняць свае правы і рэалізоўваць прафэсійныя інтарэсы, падвышаць узровень майстэрства і якасць медыя.
З прычыны пераследу «Беларуская асацыяцыя журналістаў» працягвае дзейнасць у эміграцыі — ва Украіне, Літве, Польшчы. Сотні супрацоўнікаў незалежных СМІ і іх сем’і пакінулі краіну.