БХД адмаўляюць у памяшканнях на правядзенне з'езду
Аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя” з моманту падачы зваротаў да кіраўніцтва 13 устаноў Менска з просьбай прадставіць памяшканне для правядзення 13 чэрвеня Устаноўчага з’езду Партыі БХД вядзе актыўную працу па дамове на арэнду. Але пакуль прыходзяць толькі адмовы.
Так, 22 красавіка ў гатэлі "Рэнесанс Менск” паведамілі, што 13 чэрвеня тут пройдзе з’езд стаматолагаў, а астатнія дні арэндавалі выпускнікі.
23 красавіка прыйшла адмова ад ДК МАЗ, кіраўніцтва якога заявіла, што рашэнне аб арэндзе прымае генеральны дырэктар МАЗ. Але сакратар гендырэктара заявіла, што ён такімі пытаннямі не займаецца.
25 красавіка папярэднюю згоду даў гасцінічны комплекс "Пекін”, паабяцаўшы падрыхтаваць для падпісання на наступны дзень дамову на арэнду памяшкання. Але праз 1,5 гадзіны з гатэлю патэлефанавалі, паведаміўшы, што "служба бяспекі” не дала дазвол на арэнду памяшкання для БХД.
"Іншыя ўстановы яшчэ разглядаюць заяўкі, але, відавочна, што рашэнне пытання ляжыць у палітычнай плоскасці. БХД – адзіная хрысціянска-дэмакратычная партыя Еўропы, якая не мае рэгістрацыю. Мы заклікаем хрысціянскіх дэмакратаў Еўропы аказаць ціск на ўлады Беларусі, каб яны не перашкаджалі прадстаўленню памяшкання і гарантавалі права на свабоду асацыяцый”, — адзначыў сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі. Прэсавая служба БХД