БХД адзначыла Міжнародны дзень сям'і па ўсёй краіне
15 мая, у Міжнародны дзень сям'і, аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" супольна з шэрагам грамадскіх арганізацый правёў па ўсёй краіне акцыі ў абарону сямейных каштоўнасцяў.
Віталь Рымашэўскі з сям'ёй
Актывісты БХД распаўсюджвалі адпаведныя буклеты і плакаты, ладзілі тэматычныя сустрэчы і вечарыны.
Цэнтральнай падзеяй адзначэння Міжнароднага дня сям'і стала сямейная вечарына, якая прайшла ўвечары 15 мая ў Мінску ў галерыі "Ў". На вечарыне адбылася прэзентацыя кампаніі "За сямейныя каштоўнасці", у тым ліку яе пэўныя вынікі — адмена большасці сацыяльных паказанняў для правядзення абортаў.
Пасля прэзентацыі распачалася творчая праграма вечарыны, падчас якой адбыліся выступы дзетак з узнагародамі пераможцаў, прайшоў майстар-клас па скручванні паветраных шарыкаў. Таксама былі падведзеныя вынікі конкурсу малюнкаў, абвешчанага загадзя БХД. Усе ўдзельнікі конкурсы атрымалі падарункі. Да таго ж кожная сям'я атрымала "дыплом сям'і, якая захоўвае сямейныя традыцыі і з’яуляецца узорам шчаслівай дружнай сям'і".
Па сканчэнні творчай праграмы ўдзельнікі вечарыны скіраваліся ў парк Горкага, дзе запусцілі ў паветраныя ліхтарыкі. Затым некалькі сем'яў працягнулі святкаванне ў кавярні за кубкам гарбаты з салодкім.
"Вельмі спадабалася і нам, і дзецям. Больш бы такіх мерапрыемстваў і інфармацыі пра тое, што існуе такое добрае свята — Дзень сям'і, пра якое мы даведаліся дзякуючы кампаніі "За сямейныя каштоўнасці". Дзякуй арганізатарам за пазітыўны настрой і запрашэнне. Будзем удзельнічаць у кампаніі і далей!" — адзначылі ўдзельнікі вечарыны.