БДУ запусціў сайт для абітурыентаў

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт запусціў сайт для абітурыентаў, з дапамогай якога старшакласнікі змогуць «вызначыцца са спецыяльнасцю, сабраць неабходны пакет дакументаў для паступлення і атрымаць адказы на ўсе пытанні, якія тычацца ўступнай кампаніі», паведамляе прэс-служба ВНУ. 



bsu.jpg

На сайце, у прыватнасці, даступны сэрвіс «Каляндар абітурыента», дзе пазначаныя даты Дзён адчыненых дзвярэй, рэпетыцыйнага і цэнтралізаванага тэставання і іншых мерапрыемстваў для абітурыентаў.

З дапамогай раздзела «Выбар спецыяльнасці» старшакласнікі змогуць выбраць спецыяльнасць БДУ зыходзячы з прадметаў цэнтралізаванага тэставання, якія яны плануюць здаваць, і кваліфікацыі, што прысвойваецца пасля заканчэння ВНУ.

У асобным раздзеле размешчана інфармацыя для замежных абітурыентаў. На сайце можна задаць і іншыя пытанні, якія тычацца паступлення.

Рэсурс прадугледжвае інтэграцыю з афіцыйнымі старонкамі БДУ ў сацыяльных сетках «УКантакце», Facebook, Twitter, YouTube, Instagram, Tumblr, Pinterest, LinkedIn і Google+.

«Сайт адаптуецца пад прагляд на планшэтах і смартфонах, што асабліва важна, бо за апошні год паток зваротаў да раздзела «Абітурыент» сайта БДУ з мабільных прылад вырас у два разы», — расказаў начальнік медыяцэнтра БДУ Павел Салаўёў.

БелаПАН.