Беларусь дашле гуманітарную дапамогу Зімбабвэ і Мазамбіку на 312 тысяч долараў
Самалёт з грузам беларускай гуманітарнай дапамогі афрыканскім краінам рыхтуецца да вылету, паведаміла Радыё Свабода са спасылкай на Міністэрства надзвычайных сітуацый 16 красавіка.
![b129ed4a_1feb_4e47_94aa_da74504b5d40_cx0_cy5_cw0_w1597_n_r1_st.jpg b129ed4a_1feb_4e47_94aa_da74504b5d40_cx0_cy5_cw0_w1597_n_r1_st.jpg](/img/v1/images/b129ed4a_1feb_4e47_94aa_da74504b5d40_cx0_cy5_cw0_w1597_n_r1_st.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Месяцам раней на ўсходняе ўзбярэжжа Афрыкі абрынуўся цыклон «Ідай». Залевы і вецер з парывамі да 177 км/г прынеслі значныя разбурэнні, загінула да тысячы чалавек. Па гуманітарную дапамогу звярнуліся 65 тысяч жыхароў, больш за паўмільёна засталіся без жытла і харчоў.
Пасля ўзгаднення з Аляксандрам Лукашэнкам і паводле пастановы Савету Міністраў Беларусь высылае ў Мазамбік і Зімбабвэ цукар, муку, тушаніну, дзіцячыя кансервы, мыла, коўдры, пральны парашок, адзенне і абутак, школьныя сшыткі і сталовыя прыборы на агульную суму 656 421 рубель і 53 капейкі.
Калі дакладна адбудзецца вылет, не паведамляецца. Але МНС публікуе фота загрузкі самалёта гуманітарнай дапамогай. Супрацоўнікі МНС маюць суправаджаць груз і разгружаць самалёт па прылёце.