Беларускае Мінабароны хоча закупіць 1 000 пакетаў для трупаў. Нашто?
Міністэрства абароны Беларусі хоча закупіць 1000 мяшкоў для трупаў. Прынамсі, як мінімум, праводзіць «вывучэнне цэнавых прапаноў» наконт тысячы «пакетаў для транспарціроўкі целаў памерлых».
У распараджэнне гомельскага выдання “Фл*гшток” трапілі дакументы, з якіх вынікае, што нібыта Міністэрства абароны Беларусі праводзіць вывучэнне цэнавых прапаноў, каб закупіць «пакеты для транспарціроўкі целаў памерлых» у колькасці 1000 штук.
Такі запыт наконт прадастаўлення дакументаў быў накіраваны як мінімум у дзве арганізацыі: РУП «Белсудэкспертазабеспячэнне» і ў кампанію, якая прадстаўляе рытуальныя паслугі, ТАА «Фістэр».
Прыватная
кампанія «Фістэр» адказала на запыт Мінабароны, што не рэалізуе мяшкі для
трупаў.
Дзяржаўнае «Белсудэкспертазабеспячэнне» паведаміла, што можа вырабіць 1 000 пакетаў для трупаў на працягу 10 каляндарных дзён. У залежнасці ад выканання (з ручкамі або без) прадпрыемства гатова выканаць заказ за 9 900 – 13 900 рублёў.
Рэгіянальнае гомельскае выданне паведаміла, што яго інфарматар не адказаў на пытанне рэдакцыі наконт крыніцы паходжання гэтых лістоў, аднак раней гэта ж крыніца перасылала іншыя дакументы з Міністэрства абароны. Тады інфармацыю, указаную ў службовай перапісцы, атрымалася часткова пацвердзіць.
Каб спраўдзіць інфармацыю і праверыць праўдзівасць ліста, журналісты патэлефанавалі начальніцы аддзела маркетынгу РУП «Белсудэкспертазабеспячэнне» Вераніцы Кавальчук. Менавіта яна была пазначаная як аўтарка адказу, напісанага для Мінабароны. Жанчына пацвердзіла, што давала адказ на адрас Мінабароны пра тысячу санітарных мяшкоў.