Беларуская дызайнерка стварыла калекцыю адзення, якую ўхваліла каралева Вялікабрытаніі
Эвеліна Аўгусціновіч з Гродна стварыла сваю першую калекцыю адзення ў этнастылі. І параіцца, наколькі яна можа быць паспяховай, вырашыла з самой Елізаветай ІІ.
«Усім вядома, што каралева Вялікабрытаніі тая яшчэ модніца. Таму калі мая першая калекцыя была гатовая, я вырашыла спытацца яе меркаванне, як ёй падаецца, ці можа адзенне з беларускім каларытам быць сучасным і модным. Ліст у Букінгемскі палац я адправіла ў красавіку, да яго дадала фотаздымкі сваёй калекцыі, і вось літаральна на днях у паштовай скрыні ўбачыла адказ ад каралевы», — расказвае дзяўчына.
У зваротным лісце ад імя Елізаветы ІІ Эвеліне падзякавалі за ліст і сказалі, што тая ўхваляе працы беларускі.
У першую калекцыю Эвеліны Аўгусціновіч, якую яна назвала «На досвітку новага свету», увайшло пяць ільняных блакітна-белых сукенак, упрыгожаных беларускім арнаментам.
«Я займалася мадэльным бізнэсам, часта выступала ў розных паказах, звяртала ўвагу на тое, што прапануюць дызайнеры. І неяк падумала, што мне самой ёсць што сказаць. Прыдумала мадэлі, намалявала іх, затым увасобіла ў жыццё. Цяпер удзельнічаю ў конкурсах. Ведаеце, спалучэнне блакітна-белых колераў і беларускага арнаменту выглядае вельмі сучасна і прыгожа», — упэўненая дызайнерка.
Пры гэтым Эвеліна Аўгусціновіч займаецца не толькі дызайнам. Яна вучыцца ў гуманітарным каледжы ў Гродне, Эвеліна — будучы харэограф.
«Я лічу, што можна сумяшчаць некалькі відаў дзейнасці, і танцы дызайнеру не перашкода. Зараз я распрацоўваю яшчэ дзве ўласныя калекцыі. І ўжо думаю над тым, чыё меркаванне спытацца на гэты раз. Не выключаю, што дашлю фота калекцыі якому-небудзь сусветна вядомаму мадэльеру», — кажа Эвеліна Аўгусціновіч.
nina.nn.by