Беларускі паэт Андрэй Хадановіч атрымаў Медаль падзякі Еўрапейскага цэнтра салідарнасці
Чатыры чалавекі атрымалі сёлета Медалі падзякі Еўрапейскага цэнтра салідарнасці: трое ўкраінцаў і адзін беларус — паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.
Медаль уручаецца людзям, якія спрычыніліся да аднаўлення вольнай Польшчы — выбітным інтэлектуалам, дысідэнтам, палітыкам, журналістам, творцам. Медалём падзякі таксама ўганароўваюцца тыя, хто ў духу ідэалаў Салідарнасці абараняюць ўсеагульныя правы чалавека, прасоўваюць ідэі Салідарнасці, працуюць на карысць паразумення паміж народамі, адстойваюць маральныя і сацыяльныя каштоўнасці.
«Абяцаў сабе не хвалявацца й не равець, але ў часе ўручэньня музыкі зайгралі Адажыё нашага Яўгена Глебава — і я расклеіўся», — напісаўАндрэй Хадановіч у сваіх сацсетках.
Разам з вядомым беларускім паэтам медалі атрымалі трое ўкраінцаў: публіцыст, палітычны актывіст, саветолаг Барыс Лявіцкі (пасмяротна), журналіст, публіцыст акадэмік Багдан Асадчук (пасмяротна) і фізік, праваабаронца, дысідэнт Ёсіф Зісэльс.
На сённяшні дзень Медалём падзякі Еўрапейскага цэнтра салідарнасці ўзнагароджаныя 722 чалавекі, 65 з іх — пасмяротна.