Беларускіх касманаўтаў паслалі на агледзіны ў Расію
Беларускіх кандыдатаў у касманаўты ўжо паслалі на кастынг у Расію.

У Расіі пачаўся адбор беларускіх кандыдатаў для касмічнага палёту, паведамляе ў сваіх сацсетках карпарацыя «Раскосмас».
У падмаскоўным Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў пачаўся адбор кандыдатаў з Рэспублікі Беларусь для палёту на расійскім караблі «Саюз МС».
У Расію прыбылі шэсць кандыдатаў, каб стаць касманаўтамі. Прэтэндэнтаў найбліжэйшым часам пашлюць праходзіць «медыцынскія абследаванні ў ЦПК». Паводле іх вынікаў расійская галоўная медыцынская камісія вызначыць прыдатнасць кандыдатаў да касмічнага палёту.
Імёны беларускіх кандытатаў у касманаўты пакуль не раскрываюцца.

Варта згадаць, што яшчэ ў сярэдзіне 2020 года заснавальнік «SpaceX» і «Tesla» Ілан Маск адрэагаваў на пост у Twitter аб пратэстах у Беларусі і спытаў у карыстальнікаў, чым ён можа дапамагчы Беларусі. У адказ яго заклікалі распаўсюдзіць інфармацыю пра падзеі ў Беларусі або зрабіць публічную заяву з гэтай нагоды. Але былі і цікавыя прапановы. Напрыклад, адзін з карыстальнікаў, Арцём Бухаў, папрасіў, каб Маск запусціў Лукашэнку ў космас: «Дайце Лукашэнку ракету, каб ён паляцеў. А калі сур'ёзна, то распаўсюджвайце, калі ласка, інфармацыю аб тым, што адбываецца ў Беларусі, па ўсім свеце. Мы тут адны, змагаемся з войскам дыктатара без якой-небудзь падтрымкі з боку іншых краін», — напісаў ён.
