Беларускія праваабаронцы-палітвязні намінаваныя на міжнародную прэмію

Шасцёра беларускіх праваабаронцаў намінаваныя на міжнародную прэмію «Front Line Defenders». Гэта сябры пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна» Марфа Рабкова, Леанід Судаленка, Андрэй Чапюк і Таццяна Ласіца, а таксама дырэктар і юрыст «Офіса па правах людзей з інваліднасцю» Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі. Усе яны прызнаныя палітвязнямі.

img_0629_2_logo_1.jpg


Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня, яе абвінавачваюць у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, Андрэй Чапюк — 2 кастрычніка па артыкулах аб удзеле ў беспарадках і злачыннай арганізацыі. У ПЦ «Вясна» яны дапамагалі рэпрэсаваным і іх сем'ям, удзельнічалі ў дакументаванні катаванняў удзельнікаў мірных пратэстаў у Беларусі. Марфа каардынавала працу з валанцёрамі, арганізоўвала маніторынг мірных сходаў і выбараў.
Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца былі затрыманыя ў студзені, іх абвінавачваюць у фінансаванні пратэстаў. Яны дапамагалі людзям абскарджваць рашэнні судоў, а таксама звяртацца ў Камітэт ААН па правах чалавека з індывідуальнымі скаргамі. У 2018 годзе Леанід Судаленка быў уганараваны прэстыжнай прэміі Французскай Рэспублікі «Свабода-Роўнасць-Братэрства». У 2019-м ён стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі ў галіне правоў чалавека ў намінацыі «Абаронца года».
Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі былі затрыманыя ў пачатку лютага, іх абвінавачваюць у махлярстве з міжнароднай фінансавай дапамогай. У «Офісе па правах людзей з інваліднасцю» яны вялі прававую працу, дапамагалі дамагацца змены законаў і практыкі іх прымянення, кансультавалі людзей з інваліднасцю. Драздоўскі быў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі па правах чалавека ў намінацыі «Абаронца года» ў 2016 годзе, Граблеўскі выйграў у судах больш за дзясятак спраў па абароне правоў людзей з інваліднасцю.
З усіх пералічаных толькі Драздоўскі як калясачнік знаходзіцца пад хатнім арыштам, астатнія пяцёра — у СІЗА. Іх намінуюць на прэмію ў тым ліку з мэтай прыцягнення ўвагі да сітуацыі ў Беларусі.
Штогадовая ўзнагарода «Front Line Defenders» была заснаваная ў 2005 годзе ў знак прызнання працы праваабаронцаў, якія ўносяць уклад у прасоўванне і абарону правоў чалавека, падвяргаючы сябе асабістай рызыцы. Прэмія прыцягвае ўвагу міжнароднай супольнасці да працы праваабаронцаў, падаючы ім больш шырокую платформу для абмеркавання і абароны сваёй працы.
reform.by