Беларускія спартсмены-эмігранты: куды з’язджаюць і дзе працаўладкоўваюцца

Што робяць беларускія спартсмены, калі застаюцца без магчымасці ўладкавацца на радзіме?
Крысціна Ціманоўская

Крысціна Ціманоўская

Ды тое ж самае, што і іншыя суайчыннікі — з’язджаюць за мяжу. На прастор, на шырокі разлог, як сказаў бы класік. Туды, дзе шануюць найперш прафесійныя якасці, незалежна ад палітычных поглядаў, грамадзянскай пазіцыі, веравызнання і стаўлення да глабальнага пацяплення. Дзе не пытаюць: «У якім палку служылі?» і «Ці нашых у горадзе шмат?» Дзе трэба адпавядаць хіба што мясцоваму працоўнаму заканадаўству і — пажадана — ведаць хаця б англійскую мову.

Мы вырашылі падсвяціць найбольш медыйныя кейсы беларускай спартыўнай эміграцыі. Ад знакамітай алімпійскай уцякачкі Крысціны Ціманоўскай да футбольнага трэнера Васіля Хамутоўскага — і, натуральна, іншыя…

Крысціна Ціманоўская: з Токіа ў Польшчу

Самы рэзанансны і скандальны выпадак — гэта, канешне, гісторыя Крысціны Ціманоўскай. Увогуле, яна занада вядомая, каб лішні раз яе паўтараць. Скажам галоўнае: падчас Алімпіяды лёгкаатлетка раскрытыкавала кіраўніцтва зборнай за непрафесійнасць, яе хацелі прымусова адправіць з Токіа ў Мінск, але дзяўчына праявіла характар — надала інцыдэнту розгалас і ў выніку вылецела не ў Беларусь, а ў Польшчу.

З той пары там, прычым — разам з мужам-трэнерам. Планы Крысціны цяпер суцэльна звязаныя менавіта з польскай лёгкай атлетыкай. Мясцовыя функцыянеры стварылі беларусцы ўмовы для заняткаў любімай справай, а сама яна мае намер змяніць спартыўнае грамадзянства і выступаць за зборную Польшчы. Гэта патрабуе пэўных бюракратычных працэдур, вырашэннем якіх Ціманоўская, відаць, зараз і займаецца. І паралельна — актыўна трэніруецца, каб заўсёды быць у належнай форме.

Алена Леўчанка: у грэчаскай залі

Гэтая станістая дзяўчына — мабыць, самы рашучы і паслядоўны крытык беларускіх улад. Але тое, што на радзіме ёй справы не будзе, — усяго толькі аксіёма. Неяк пацвердзіць яе на практыцы магчымым не ўяўляецца.

Усё таму, што Алена ў Беларусі даўно не гуляе — узроўнем яна значна вышэй і шмат гадоў запатрабаваная ў найлепшых баскетбольных краінах свету. І са зборнай яе шляхі разышліся задоўга да драматычных падзей 2020-га — у выніку прынцыповасці і цвёрдасці характару спартсменкі.

Да таго, як давялося адседзець на Акрэсціна, Алена гуляла ў ЗША; Кітаі, Турцыі, Расіі, Іспаніі, Польшчы… Пасля — нягледзячы на падкошанае здароўе — цэнтравая Леўчанка падпісала кантракт з грэчаскім «Панацінаікосам». І адразу ж выйграла з новай камандай тытул чэмпіёна Грэцыі, прысвяціўшы перамогу «маім шаноўным беларусам».

Нядаўна яна перанесла складаную аперацыю на калене, пасля чаго ёй неабходны час на аднаўленне. Аднак завяршаць кар’еру 38-гадовая ўраджэнка Гомеля і не думае. «Толькі наперад!» — напісала яна ў Інстаграме наўпрост з бальнічнай палаты.

Аляксандр Румо: на польскім лёдзе



Беларускі хакей небагаты на пратэсныя паводзіны — на тое і галоўны праўладны від спорта. Але і тут не абышлося без дысідэнтаў. Самыя яскравы з іх — трэнер Аляксандр Румо.

Пасля жніўня 2020-га ён застаўся без працы: быў вымушаны пакінуць федэрацыю, дзе займаў пазіцыю настаўніка юнацкай зборнай. Пасля некаторы час адпачываў ды памалу разважаў над варыянтамі працягу трэнерскай дзейнасці. І, натуральна, сталася так, што пошукі завялі Аляксандра на Захад. Дакладней — у Польшчу, дзе хакей хай не самая папулярная гульня, але мясцовая нацыянальная зборная ўжо навучылася перамагаць беларусаў.

За мяжу 50-гадовы Аляксандр Румо з’ехаў разам з сям’ёй — жонкай і двума сынамі-школьнікамі. Распавядае, што працу па спецыяльнасці ўжо знайшоў — трэніруе, прычым на дарослым узроўні. Якую менавіта каманду падхапіў, пакуль не гаворыць, ды, бадай, гэта не так важна. Галоўнае — чалавек пры любімай справе і жыццё працягваецца.

Наталля Петракова: нарвежскія фёрды

Апошняе месца працы Наталлі Петраковай на радзіме — трэнерка жаночай зборнай. Варта адзначыць, што яна заставалася на пасадзе досыць доўга пасля таго, як не ўпісалася ў ідэалагічныя каноны дзяржавы. Але ж усё-ткі давялося сысці.

Сёння ўсё гэта — справы мінулых дзён. Бо зараз Наталля ў Нарвегіі, дзе актыўна адаптуецца да новых умоў трэнерскай дзейнасці. Беларуска ўзначаліла мясцовы клуб «Олесун» з аднайменнага ўтульнага 40-тысячнага горада. Так, гэта толькі трэці дывізіён, затое сярод маляўнічых тамтэйшых фёрдаў мінчанка будзе працаваць тры гады — такі тэрмін прадугледжвае падпісаны кантракт. Яшчэ адзін плюс — мова, асновамі якой Наталля добра валодае. Некалі яна гуляла ў Нарвегіі, калі была брамніцай. Цяпер папрацуе — калі стала трэнеркай.

Канстанцін Якаўлеў: кіеўскі час

Гандбольны трэнер Канстанцін Якаўлеў застаўся без працы самым дзіўным чынам. Праз затрыманне Алены Леўчанка яго клуб «Віцязь» байкатаваў каляндарны матч першынства Беларусі — і за тое быў зняты з чэмпіянату. А як няма каманды, то і трэнер аўтаматычна становіцца самотны. Тут амаль паводле Жванецкага: толькі стаў спецыялістам сваёй справы, як знікла справа.

Канстанцін таксама прайшоў праз «суткі», якія і прымусілі яго задумацца пра змену месца жыхарства. Ён выбраў паўднёвы напрамак і накіраваўся ў Кіеў — што цікава, загітаваў на эміграцыю і былую жонку з іх агульнымі дзецьмі. На новым месцы беларускага трэнера вітаў украінскі міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба, паабяцаўшы «неабходную дапамогу».

Пра паступленне Канстанціна на працу ва Украіне звестак пакуль няма. Сам Якаўлеў кажа, што хоча стварыць у Кіеве гандбольную каманду на капыл таго ж самага «Віцязя», а гэта справа не хуткая.

Васіль Хамутоўскі: з Брэста ў Саудаўскую Аравію

Да падзей 2020-га ён меў сталую працу ў брэсцкім «Дынама» і быў на выдатным рахунку. Аднак потым, падтрымаўшы перамены, вымушана сышоў з клуба — і наогул з беларускага футбола. Заадно быў прысуджаны да штрафу за ўдзел у пратэстах.

Доўгае беспрацоўе Васілю Хамутоўскаму не пагражала. Гульцом ён зрабіў добрую кар’еру брамніка: выступаў у Германіі, Расіі, Румыніі, Украіне. Набыў сувязі, авалодаў мовамі. Калі перайшоў да трэнерскай дзейнасці, таксама хутка набыў вагу і аўтарытэт. «Хамутоўскі з чорт ці каго зробіць добрага брамніка», — казалі пра яго падапечныя.

Так і выйшла: у чэрвені Васіль атрымаў аферту ад саудаўскага клуба «Аль-Фейха», дзе ўвайшоў у трэнерскі штаб серба Вука Рашавіча, з якім некалі працаваў у мінскім «Дынама».

Артур Удрыс: сонечныя Саланікі

Як і Алена Леўчанка, ён даўным-даўно не выступае за беларускія клубы. Як і Васіль Хамутоўскі, ён кваліфікаваны, дасведчаны — і ў выніку вельмі запатрабаваны. Валейбаліст Артур Удрыс заставаўся ў Беларусі і ўдзельнічаў у пратэстах, пакуль гэта не стала несці прамую небяспеку. Пакінуў краіну — і ўжо з-за мяжы чытаў навіны, як у яго пустую кватэру прыйшлі.

Час бяжыць хутка. За мінулы год Артур паспеў пагуляць за два заходнія клубы. Спачатку — за французскі «Тур», потым і дагэтуль — за грэчаскі ПАОК з Саланік. Гэтыя легіянерскія адрасы разнастаілі кар’еру аднаго з самых паспяховых беларускіх валейбалістаў. Раней ён атакаваў і ставіў блокі ў Польшчы, Расіі, Кітаі і Паўднёвай Карэі.

Дзеці, займайцеся спортам! Гэта найлепшы шанец пабачыць свет.

Вольга Сафронава: польскі цокат


Шлях конніцы Вольгі Сафронавай падобны да манеўра Крысціны Ціманоўскай: і тут выбар на карысць Польшчы, і тут усё адбылося на алімпійскай глебе. Розніца ў тым, што ў Токіа Вольга наогул не патрапіла — нібыта праз хваробу свайго каня, якая не пацвердзілася па выніках незалежнай экспертызы.

Экспертызу рабілі якраз у Польшчы. І ўжо адтуль, супаставіўшы факты, узважыўшы абставіны і ацаніўшы рызыкі, палітычна нядобранадзейная дзяўчына вырашыла на радзіму не вяртацца.

Наконт будучыні зноў падабенствы: як і Ціманоўская, Сафронава надалей мае намер выступаць пад польскім сцягам. Каб не марнаваць кар’еру і не губляць час. Цывільнае беларускае грамадзянства — у адрозненне ад спартыўнага — Вольга хоча захаваць.

Андрэй Краўчанка і Яна Максімава: нямецкі парадак


Гэтых маладых людзей мы абагульняем, бо ў іх адзіны лёс ад той пары, калі яны ажаніліся.

Раней гэта быў лёс строга спартыўны — Андрэй і Яна займаліся шматбор’ем. Адзін станавіўся прызёрам Алімпійскіх гульняў, другая выйгравала серабро чэмпіяната Еўропы. Пасля мінулагодніх падзей абодва аказаліся ў шэрагах прыхільнікаў перамен, а Андрэй Краўчанка нават прайшоў праз адміністрацыйныя «суткі».

Зараз сям’я ў Германіі, куды вырашылі накіравацца разам з маленькай дачкой. Пра сталую занятасць Андрэя і Яны інфармацыі пакуль няма, але ж планы яны акрэслілі выразна: працягваць займацца любімай справай.

Альбо ў ролі спартсменаў — узрост яшчэ, у прынцыпе, дазваляе, альбо ў ролі трэнераў, з чым праблем узнікнуць не павінна: немцы па-вар’яцку любяць спорт і ведаюць цану кваліфікаваным спецыялістам.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: