Беларускія ветэраны вайны атрымалі ўзнагароды ад Украіны
Ва ўкраінскай амбасадзе ў Мінску 12 мая ўзнагароджвалі беларускіх ветэранаў, што за часамі вайны вызвалялі Украіну ад гітлераўскіх войскаў.
Чатыры чалавекі атрымалі медаль «70 гадоў вызвалення Украіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Ад імя прэзідэнта Пятра Парашэнкі медалі ўручыў часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі Валерый Джыгун.
Агулам жа ўзнагароды мусілі атрымаць 667 чалавек, але далі рады прыйсці толькі чатыры — астатнім медалі перадасць наша Міністэрства абароны.
Валерый Джыгун у сваёй вітальнай прамове адзначыў, што ў дзень, калі нашы народы адзначаюць чарговую гадавіну Перамогі ў Другой сусветнай, трэба ўзгадаць, што мноства беларусаў біліся за Дняпро, Крым, за Заходнюю Украіну.
Шмат хто там і загінуў. Таму народ Украіны такім чынам ушаноўвае ўнёсак беларусаў у справу вызвалення чужой Бацькаўшчыны.
Такая акцыя ідзе насуперак расійскай прапагандзе, якая ўжо два гады малюе новую ўкраінскую ўладу як «фашысцкую хунту».
Медаль атрымлівае генерал-маёр Сяргей Новікаў.
Генерал-маёр Аляксандр Фень атрымлівае ўзнагароду ад часовага паверанага ўкраінскай амбасады.
Беларускія ветэраны з павагай выказаліся пра ініцыятыву ўкраінцаў.
Генерал-маёр Аляксандр Фень, напрыклад, яшчэ і прыгадаў, як пасля Корсунь-Шаўчэнкаўскай аперацыі лёс закінуў яго ў Беларусь, дзе ён у якасці камандзіра танкавага ўзводу вызваляў Мінск і Заслаўе.
Прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларусі. Калі часовы павераны падчас вітальнага слова запытаўся ў прысутных, ці варта яму перайсці на рускую мову, Валерый Равенка (злева) па-беларуску сказаў, што «мы ўсё разумеем».
Арцём Гарбацэвіч, фота Мікіты Недаверкава
http://nn.by/?c=ar&i=170098
http://nn.by/?c=ar&i=170098