Украінскія актывісты апублікавалі спіс журналістаў, акрэдытаваных у саманазванай ДНР

Такую інфармацыю распаўсюдзіў ўкраінскі сайт «Міратворац», які створаны мясцовымі актывістамі і займаецца маніторынгам прыкмет злачынстваў супраць нацыянальнай бяспекі Украіны.

Фота: telegraf.com.ua

Фота: telegraf.com.ua


Частка з журналістаў, на думку украінцаў, перасеклі мяжу на некантралюемым участку праз тэрыторыю Расіі.
"У канцы 2015 года так званы міністр прапаганды тэрарыстычнай арганізацыі «ДНР» нехта Алена Нікіціна (Пушыліна) заявіла аб тым, што яны «акрэдытавалі» 7901 журналіста і стварылі адпаведную базу дадзеных. Сёння гэты спіс журналістаў у нашых руках", — паведамілі аўтары сайта і апублікавалі не толькі імёны журналістаў, але і іх кантактныя дадзеныя.
Свае дзеянні актывісты патлумачылі тым, што некаторыя замежныя журналісты нібыта «наплявалі на ўкраінскае заканадаўства і незаконна перасеклі нашу мяжу на некантралюемым участку праз РФ», а таксама «былі заўважаныя са зброяй у руках, ваюючымі супраць ўкраінскай арміі».
У адказ украінскія і міжнародныя журналісты рэзка раскрытыкавалі дзеянні актывістаў і выступілі з сумеснай заявай:— Мы глыбока шакаваныя дзеяннямі ўкраінскіх палітыкаў і супрацоўнікаў сайта «Міратворац», якія размясцілі ў публічным доступе персанальныя дадзеныя ўсіх журналістаў, якія атрымалі акрэдытацыю ў самаабвешчаных ДНР і ЛНР, назваўшы іх людзьмі, якія супрацоўнічаюць з тэрарыстамі», — гаворыцца ў заяве.
Інцыдэнт таксама пракаментаваў беларускі журналіст Павел Дабравольскі, які працаваў у зоне ваеннага канфлікту на Данбасе:— Для ўдакладнення, у так званай ДНР нельга працаваць без гэтай акрэдытацыі, але яе наяўнасць ніяк не ўплывае на змест матэрыялаў, - напісаў ён у сваім Фэйсбуку. — Мабыць, камусьці хочацца, каб туды журналісты наогул не ездзілі - так лягчэй цкаваць хлуснёй. Чакаю рэакцыі МЗС Украіны і выдалення гэтай ахінеі.

spisok2.jpg


Цікава, што ў спіс, апублікаваны украінскімі актывістамі, трапілі дзясяткі журналістаў, якія прадстаўляюць такія вядомыя СМІ як BBC, Bloomberg, Reuters, Forbes, AP і інш.
Паводле gazetaby.com