Беларусы Літвы зладзілі цёплую сустрэчу са святочным кірмашом у Віленскай ратушы. Фота
Нягледзячы на агіднае надвор’е за акном, у суботу беларуская супольнасць «краіны дажджоў» пачала пышна спраўляць надыходзячыя святы. Больш за тое, мерапрыемства прайшло ў самым сэрцы Вільні — гарадской ратушы, дзе пад творчасць беларускіх майстроў вылучылі чатыры прыгожыя залы. Паглядзіце, якія цудоўныя калядныя сюрпрызы можна было набыць у нашых бязмежна таленавітых рамеснікаў!
Галоўным акцэнтам свята стаў кірмаш ад праекта «SKARBONKA», які меў што ні на ёсць самую калядную афарбоўку з усіх калядных! Аўтарскія цукеркі (са смакам глінтвейну і бананавага браўні!), hand-made ялінкавыя фігуркі, калядныя зорачкі і вянкі, пахучае мыла, свечкі з легендарнымі месцамі Мінска — здаецца, тут было магчыма знайсці ўсё роднае беларускаму сэрцайку. Нельга не адзначыць, што ў параўнанні з мінулым зімовым мерапрыемствам у Цэнтры беларускай супольнасці і культуры экспазіцыя тут атрымалася значна багацейшай.
Асаблівую атмасферу кірмашу надаў адзіны вытрыманы стыль і, канешне ж, цудоўныя скляпенні віленскай ратушы. А для дзяцей у асобным пакоі былі арганізаваныя майстар-класы па маляванні ды выразанні калядных яліначак.