Беларусы не змогуць атрымліваць льготныя лекі супраць хвароб сэрца і вачэй?

Асноўную частку лекаў, якія прызначаныя для лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы і глаўкомы, цяпер нельга набыць у льготным парадку: са значнай зніжкай (10 ці 50%) ці атрымаць бясплатна, паіша «Еўрарадыё».

Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц. 

Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц. 


Гэта тычыцца як дзяржаўных, так і прыватных аптэк. Пра гэта Еўрарадыё распавялі адразу некалькі слухачоў, якія не здолелі набыць неабходныя лекі па выпісаных рэцэптах. Інфармацыю пацвердзілі ў аптэках.

Адна з пакупніц, напрыклад, сёння не здолела набыць лекі супраць вянознай хваробы. Усё, што здолеў прапанаваць правізар — набыць неабходныя прэпараты амаль за 50 рублёў кожны (патрэбна іх мінімум тры пакункі) ці звярнуцца да лекара, каб неабходны рэцэпт як-небудзь змянілі.

Так званы “асноўны спіс” зацверджаны пастановай №65 Міністэрства аховы здароўя. Змены былі ўнесеныя яшчэ 13 жніўня 2018 года, аднак моц набылі 17 кастрычніка, прычым, у аптэчныя сістэмы продажу папраўкі ўнеслі толькі 18 кастрычніка.

У карэспандэнта Еўрарадыё атрымалася паразмаўляць з супрацоўніцай адной са сталічных аптэк.

“Пра гэтыя новаўвядзенні мы даведаліся раніцай, калі раптам не здолелі адпусціць прэпарат па льгоце. Адмысловая праграма, якая кантралюе продаж прэпаратаў, не прапусціла бясплатны водпуск. Як высветлілася, не атрымалася не толькі ў мяне: шмат хто з маіх калег паскардзіўся, што некаторыя лекі цяпер немагчыма прадаць ці адпусціць па льгоце. Пачалі разбірацца і афармляць запрос у вышэйстаячыя органы. Як высветлілася, яны пакуль нават не могуць даць ніякіх інструкцый”.

apteka.jpg


“У комплексных леках дзеючыя сродкі працуюць адзін з адным, а паасобку яны могуць губляць сваю эфектыўнасць”

Каб прасцей разумець сітуацыю, трэба адзначыць, як адбываецца продаж і водпуск такіх лекаў. Існуе зацверджаны Мінздравам так званы “асноўны спіс” лекавых сродкаў, якія мусяць быць у кожнай (не важна, прыватнай ці дзяржаўнай) аптэцы. Прычым, у наяўнасці абавязкова мусяць быць як мінімум тры адзінкі гэтага прэпарата. Усе сродкі са спісу могуць адпускацца як па поўным кошце, што часцей за ўсё зусім не танна, ці па льготах, якія прадастаўляе лекар, выпісваючы які-небудзь прэпарат.

Выключэнне са спісу, аднак жа, тычыцца толькі комплексных лекавых сродкаў, то бок тых, у складзе якія ёсць менавіта не толькі асноўны дзеючы сродак, але і дадатковыя. Яны могуць дапаўняць ці дапамагаць ствараць больш дзейныя прэпараты, напрыклад, нейтралізуючы некаторыя негатыўныя наступствы прыёму моцных асноўных дзеючых сродкаў.

“Праблема выключэння комплексных лекавых сродкаў таксама ў тым, што часам менавіта праз сваю комплекснасць яны дзейнічаюць нашмат больш эфектыўна, — распавядае правізар. — Да таго ж, напрыклад некаторыя каплі для лячэння глаўкомы маюць у сваім складзе 3-4 дзеючыя рэчывы. Так, пасля забароны на льготны продаж, лекары здолеюць выпісваць лекі, але замест аднаго наймення людзям прыйдзецца браць тры-чатыры. Па-першае, гэта нязручна. А па-другое, сутнасць комплексных лекавых сродкаў у тым, што яны маюць адмыслова пабудаваную хімічную сувязь, каб усе дзеючыя сродкі маглі працаваць адзін з адным. А вось паасобку яны могуць быць ужо зусім не такія эфектыўныя. І нават не тое што эфектыўныя — яны могуць увогуле нейтралізоўваць адзін іншы".

У адной з мінскіх паліклінік Еўрарадыё сказалі, што пакуль нічога не чулі пра абмежаванні льготнай продажы лекаў у аптэках. Наадварот, там кажуць, што “асноўны спіс” не так даўно нават пашырыўся.

Калі разглядаць афіцыйны дакумант, то сапраўды атрымліваецца, што ў закон былі дадзены і новыя лекавыя сродкі, аднак агулам нашмат больш было выключана ці абмежавана.

На момант выхаду публікацыі атрымаць каментарый у прадстаўнікоў Мінздрава не атрымалася. Прэс-сакратар Юлія Ваніна паабяцала Еўрарадыё пракаментаваць інфармацыю цягам сённяшняга дня.

euroradio.fm