Беларусы Нью-Ёрка ўшанавалі памяць ахвяр рэпрэсій
У Міжнародны Дзень памяці ахвяр генацыду — 9 снежня — і напярэдадні Сусветнага Дня правоў чалавека, беларускія актывісты Нью-Ёрка сабраліся насупраць будынка Арганізацыі Аб’яднаных нацый, каб выказаць свой пратэст супраць рэпрэсій у Беларусі і ўшанаваць памяць пацярпелых і загінуўшых у барацьбе за свабоду.

Паводле меркавання арганізатараў акцыі, сістэмныя парушэнні правоў чалавека назіраюцца ў Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагоддзя, а палітыку дзейснай улады ў дачыненні да грамадзян краіны можна ахарактарызаваць як этнацыд ці нават генацыд. Відавочна, што існуючы аўтарытарны рэжым шмат у чым падсілкоўваецца з боку расійскай улады, якая зацікаўлена бачыць у Беларусі падкантрольную дзяржаву-сатэліт з нізкім узроўнем нацыянальнай самасвядомасці і татальным падпарадкаваннем інтарэсам Крамля.

Пры гэтым большасць уплывовых міжнародных структур, сярод якіх і Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, абмяжоўваюцца толькі рэгулярнымі выказваннямі заклапочанасці ў сувязі з парушэннем правоў чалавека. Між тым, толькі за апошнія месяцы колькасць незаконных затрыманняў грамадзян Беларусі дасягнула неймаверна высокага ўзроўню — звыш за 30 тысяч чалавек, шмат з якіх пацярпела ад катаванняў і здзекаў, а жыццё некаторых і наогул трагічна абарвалася.
Удзельнікі мерапрыемства выказалі моцнае жаданне ў хуткім чаму пабачыць сваю радзіму вольнай краінай, дзе шануецца чалавечая годнасць і выконваецца закон.
Фотаздымкі: Ірына Хадарэнка