«Баюся, што беларусы ў сабе расчаруюцца». Юлія Чарняўская — пра звальненне і выбар

Культуролаг і пісьменніца Юлія Чарняўская патлумачыла «Свабодзе», чаму вырашыла на ўласнае жаданне звольніцца з Універсітэту культуры і мастацтваў, дзе выкладала чвэрць стагоддзя, пра тое, які няпросты выбар цяпер стаіць перад многімі беларусамі і што цяпер зрабіў бы яе муж Юры Зісер, калі б быў жывы.

Юлія Чарняўская

Юлія Чарняўская


Што сказаў і зрабіў бы Юры Зісер

 

— Я памятаю ваш допіс у фэйсбуку ў жніўні падчас вельмі масавых, натхняльных шматтысячных акцыяў пратэсту ў цэнтры Мінску, калі вы напісалі: «Як шкада, Юра, што ты гэтага не паспеў пабачыць». Думаю, вы многія рэчы цяпер разглядаеце праз прызму — а як бы на іх адрэагаваў ваш муж Юры Зісер, якога не стала ўвесну. Як вы думаеце, што б ён цяпер сказаў, зрабіў? Што б ён адчуваў у жніўні, а што ў снежні?

— Думаю, што ў жніўні сказаў бы ўсё тое, што і ў снежні. Юра быў чалавекам зусім не наіўным, хаця ў нечым і даверлівым. У яго быў вельмі востры і стратэгічны розум. Для яго не было нічога страшнейшага, чым балота. Калі ўзнікала любая складаная сітуацыя, ён пачынаў дзейнічаць, успрымаў яе як выклік і пачынаў вырашаць яе вельмі нестандартнымі шляхамі. Сітуацыю антыбалота, сітуацыю пачатку ён успрыняў бы радасна. Не скажу, што ён меркаваў бы, што за тры дні можа з’явіцца новая Беларусь. Ён быў бы гатовы да даволі доўгіх шляхоў. Што б ён зрабіў? Быў бы з Tut.by, быў бы са мной, быў бы тут.

 

Пра звальненне з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў

 

— Напачатку снежня вы на ўласнае жаданне звольніліся з універсітэту культуры і мастацтваў, дзе выкладалі чвэрць стагоддзя. «Я трымалася доўга, але ступень неабходных кампрамісаў паміж прафесіяй і службай з кожным днём расце», напісалі ў Фэйсбуку. Што стала апошняй кропляй для прыняцця гэтага рашэння і які кампраміс для вас немагчымы?

— Такіх кропляў было вельмі шмат. Назапашваліся яшчэ з вясны, з пандэміі. Стала ясна, што значна страшней не выканаць загад міністэрства, чым тое, што людзі будуць хварэць. Другі момант — якім чынам пачалі выбываць людзі. 31 жніўня прыходзіць твой рэктар на працу і развітваецца, рэктара няма. Сядзеў студэнт у цябе на парах, вельмі разумны, чакаеш яго ў пятніцу на пары, а ў сераду ён табе піша з Кіева. І галоўнае — маўчанне. У нас заўсёды дэкларавалася любоў да студэнтаў, былі амаль сямейныя адносіны ва ўніверсітэце. А тут студэнтаў выганяюць, а ўсяго 20 выкладчыкаў збіраюцца падпісаць ліст у падтрымку. Калегу звальняюць, і толькі 24 чалавекі ставяць подпісы ў яго падтрымку, астатнія маўчаць. «Вы ж разумееце»...

Мне здаецца, што студэнт не павінен бачыць выкладчыка як «пабітага» і спалоханага чалавека, які просіць у яго міласэрнасці. І ўрэшце мяне засмуціла, што салідарнасць паміж студэнтамі была кароткатэрміновая і не вельмі актыўная. Калі іхныя аднакурснікі трапляюць у жорны, большая частка зусім спакойна гэта ўспрымае. Мне не хацелася чакаць, зноў расчароўвацца, зноў пакутаваць.

 

Самае галоўнае для мяне — не здрадзіць сабе і рабіць усё, што павінен, на сваім месцы»

 

— На вашу думку, якія самыя галоўныя маральныя выбары цяпер стаіць перад беларусамі? Пераадолець страх? Не зрабіць подласць?

— Рэч у суадносінах асобы і сілаў. Самае галоўнае для мяне — не здрадзіць сабе і рабіць усё, што павінен, на сваім месцы...

— Якія рэальныя гісторыі з цяперашняга жыцця вы як пісьменніца палічылі б вартымі літаратурнага твору? Калі ў рэдактара дзяржаўнага, прапагандысцкага медыя дзеці трапляюць за краты за ўдзел у мірных пратэстах? Ці калі пажылая жанчына спрабуе абараніць маладых людзей ад жорсткага затрымання «людзьмі ў чорным» і крычыць ім — не чапайце, бярыце мяне, і яе бяруць. Калі людзі кідаюць любімую працу і сыходзяць у нікуды, ведаючы пра магчымы арышт?

— Першыя дзве гісторыі шмат разоў апісаныя. Першая — у «Каралю Ліру», а другая — у «Маці» Горкага. Калі не ўспрымаць апошняе як рэвалюцыйную літаратуру, то гэта не пра тое, як Нілаўна ідзе ў рэвалюцыю і сын яе перавыхоўвае, гэта гісторыя пра тое, што яна ідзе за сваім сынам, успрымае правільнасць свайго сына. Пра гэта і п’еса Чапэка «Маці». Гэта архетыповыя гісторыі. Ёсць і іншыя.

Нядаўна мяне моцна кранула гісторыя пра жанчыну і мужчыну, якія хадзілі на акцыі. Потым яго ўзялі. Жанчына працуе на дзяржаўнай службе. Муж і жонка, двое дзяцей. Яна перастала хадзіць на акцыі, стала баяцца за дзяцей (прыпішуць СНП і гэтак далей). А ён працягнуў. І ўсё, што ў сямʼі зароблена, нясе дзеля перамогі. Яго выгналі з працы, застаўся толькі яе заробак. Яна думае пра самагубства, бо не бачыць выхаду — сказаць: дарагі, кідай усё і ідзі працаваць, ці працягнуць жыць ва ўмовах, калі ўсё сціскаецца... Для мяне акцэнт — жанчына, якая знаходзіцца ў сітуацыі найцяжэйшага ўнутранага выбару і бачыць адзіны шлях — суіцыд. Мяне цікавіць сямʼя ў гэтай сітуацыі, блізкія людзі, якія апынаюцца ў складаных дылемах.

 

«Сілавая праца прыцягвае людзей пэўнага складу»

 

— Як вы мяркуеце, які маральны выбар стаіць перад сілавікамі? Ці стаіць? Ці паўстане?

— Там некалькі тыпаў рэакцыі. Сілавая праца прыцягвае людзей пэўнага складу. Першыя — тыя, хто вырашыў працаваць у органах правапарадку, бо лічаць, што яны абараняюць людзей. Другія — я думаю, што іх меней, але мы іх лепей бачым — гэта людзі, якія ідуць туды спатоліць свае прыродныя схільнасці, тое, што абʼядноўвае ўсіх жывёлаў, — агрэсію. Частка людзей сышла. Мала хто гэта афішуе. Частка думае, што можа нешта змяніць знутры, стараецца не моцна лютаваць, ці не лютаваць увогуле, ці скарэктаваць дзеянні з улікам сваёй маральнай пазіцыі. Ім найцяжэй, бо яны ў той жа дылеме, што і жанчына, пра якую я казала, — у невырашальнай дылеме.

Дадаецца і тое, што мы нядаўна даведаліся аб працы сілавікоў, аб прыгонных умовах, калі мусіш адпрацоўваць, аддаваць грошы. Я нікога не апраўдваю і не абвінавачваю, а спрабую зразумець іхныя матывы.

Трэцяя катэгорыя сілавікоў, для якіх няма выбару. Яны гуляюць у казакоў-разбойнікаў, такая дзіцячая паўзвярыная гульня ў іх. З гэтым нічога не зробіш. Трэба толькі ведаць, як жыць, ведаючы, што яны сярод нас.

 

«Гэтым летам беларусаў сталі хваліць»

— Чаго вы баіцеся? Якая ваша галоўная трывога, асцярога цяпер?

— Маю некалькі страхаў. Адзін — што беларусы ў сябе расчаруюцца. Яны зачараваліся, пабачылі цудоўныя твары. Гэтым летам беларусаў сталі хваліць. Беларусам пачалі казаць, што яны — цудоўныя, таленавітыя, цікавыя, што гэта не маленькая краіна, не кавалак зямлі, а вялікая еўрапейская краіна, што беларусы — адукаваныя, годныя людзі, якія паважаюць сябе. Я заўважыла, як гэта хутка пратачылася на форумы, у сацыяльныя сеткі.

Раней пісалі: ой, мы, беларусы, заўсёды такія. А цяпер — мы, БЕЛАРУСЫ, заўсёды шукалі справядлівасці, былі адважныя. На кожную нацыю вельмі дзейнічае думка значнага іншага, іншых народаў. І ўсе запар пачалі захапляцца беларусамі. Многія глядзяць расійскія СМІ («Эхо Москвы», «Дождь» і гэтак далей), там бясконца было гэтае захапленне і гэта грэла. Але цяпер формы пратэсту змяніліся, людзі не бачаць сябе ў такой колькасці. У масе падаецца, што з табой увесь свет. А потым масы сталі больш спарадычнымі, менш актыўнымі і абшырнымі, Кац пра цябе гаворыць радзей. «Эхо Москвы» даўно «адкацілася». Але Кац працягвае, ён добры як папулярызатар і як аптыміст, але, на жаль, не вельмі добры як аналітык. Аналітыка неяк знікла, я яе не чую і заўсёды шукаю.

На Захадзе таксама не моцна намі ўжо цікавяцца, маю на ўвазе СМІ. Нешта там вырашаюць, напэўна, палітыкі. І тут мы адчулі сябе аднымі, у нас мала падагрэву звонку. І як бы нам памятаць, што мы — цудоўныя, неймаверныя, што ў нас неймавернае пачуцце гумару, велізарная з’яднанасць і дабрыня, што мы вельмі разумныя і крэатыўныя, што ў нас вельмі моцная талака, якая цяпер пашырылася да памераў краіны. Я вельмі баюся, каб нам не страціць гэта.

— Што дае вам сілы і веру ў гэтыя складаныя часы?

— Тое, што я пабачыла ў беларусах. Беларус — мой улюбёны тыпаж фальклору, я ім шмат гадоў займалася — традыцыйным беларусам. Мне цяпер страшна цікава жыць, я спрабую тое, што ведала і пісала калісьці, параўнаць з тым, што бачу цяпер. І мне вельмі важна, што і пад уплывам чаго ў тым беларусу трансфармавалася ў гэтага беларуса, які, здавалася б, зусім на яго не падобны.