«Белавія» плануе зніжаць кошт квіткоў
Пра гэта паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар авіякампаніі Анатоль Гусараў на прэзентацыі новага самалёта Embraer-175, які прыляцеў з Бразіліі.
Анатоль Гусараў адзначыў, што паветраныя судны сямейства Е-1, да якіх адносіцца Embraer-175, цалкам адпавядаюць мэтам авіякампаніі па далейшым развіцці сеткі маршрутаў і зніжэнні сабекошту перавозак. Дадзены тып самалёта мае высокую паліўную эфектыўнасць. «Гэтыя самалёты эканомяць 6% паліва за кошт новай формы крылаў, прыбораў навігацыйнай сістэмы. Плануецца далейшае зніжэнне кошту авіябілетаў. За мінулы год знізілі кошт на 10% і будзем працягваць такі ж рух у гэтым годзе. Гэта залежыць ад шматлікіх фактараў, — сказаў ён . — Тарыфная палітыка „Белавія“, канкурэнцыя на рынку не пакідаюць іншых варыянтаў».
Гендырэктар таксама расказаў, што набыты самалёт плануецца выкарыстоўваць амаль на ўсіх рэйсах маршрутнай сеткі беларускай авіякампаніі. Напрыклад, ужо праз тыдзень «Белавія» адкрывае прамыя рэйсы ў Растоў-на-Доне і Казань.
Паводле БелТА