Беларусь адменіць плату за візы для спартыўных фанаў і наведвальнікаў фестываляў
Беларусь плануе зрабіць бясплатнымі візы для наведвальнікаў міжнародных спартыўных спаборніцтваў, буйных фестываляў і іншых мерапрыемстваў. Пра гэта паведаміў кіраўнік дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін.
Ён нагадаў, што падчас чэмпіянату свету па хакеі 2014 года быў рэалізаваны пілотны праект па бязвізавым уездзе ў Беларусь афіцыйных дэлегацый і балельшчыкаў, якім было дастаткова прад`явіць на мяжы білет на матч. «Урад гэта ацаніў, механізм поўнасцю сябе апраўдаў. Ужо на спартыўныя мерапрыемствы міжнароднага ўзроўню, па хадайніцтве Мінспорту і Нацыянальнага алімпійскага камітэта, для балельшчыкаў будуць бясплатныя візы», — адзначыў ён.
У індывідуальным парадку будуць прынятыя ўказы па бязвізавым уездзе ў Беларусь наведвальнікаў асобных буйных фестываляў і іншых мерапрыемстваў.
«Першы сур’ёзны крок зроблены дзякуючы аднаму з буйных спартыўных мерапрыемстваў (чэмпіянату свету па хакеі 2014). Дай бог, каб далей гэта тэма развівалася, каб даступнасць краіны была большая. Разумеем, людзі плануюць свой адпачынак, але большасць, асабліва нашы суседзі, падарожнічаюць і прымаюць рашэнні на працягу трох-чатырох дзён», — адзначыў Кармазін.
Аднак ён пакуль не змог назваць канкрэтныя мерапрыемствы, на якія могуць быць выдадзены бясплатныя візы. «План спартыўных мерапрыемстваў цяпер фарміруецца Мінспорту і Нацыянальным алімпійскім камітэтам», — сказаў ён.