Беларусь далучаецца да глабальнай акцыі "Зробім!" 2014

12 гарадоў на працягу месяца арганізуюць маштабную ўборку смецця ў рамках сусветнай экалагічнай акцыі. Уборкі будуць праходзіць кожныя выходныя ў перыяд з 13 верасня па 12 кастрычніка. Далучыцца і ініцыяваць уборку ў сваім рэгіёне могуць усе жадаючыя!



zrobim.jpg

Першая ўборка ў Мінску пройдзе 14 верасня на Мінскім моры.
 

Плануецца, што далучэнне Беларусі да міжнароднай акцыі дапаможа навесці парадак у гарадах і сельскай мясцовасці, месцах адпачынку. Валанцёры ліквідуюць несанкцыянаваныя звалкі ў лясах і на прыбярэжных тэрыторыях.
 

У гэтым годзе далучыцца да ўборкі стала нашмат прасцей: аб запланаваных кропках уборкі на ўвесь перыяд акцыі можна даведацца на сайце "Зелёной карты". На карце ў рэжыме рэальнага часу наносяцца месцы, на якіх запланавана або праводзіцца ўборка, таксама будуць адзначаны ўжо ўбраныя тэрыторыі.
 

Важна адзначыць, што ў акцыі няма адзінага каардынатара: любы ахвотны можа арганізаваць уласную групу добраахвотнікаў і навесці парадак у тых месцах, дзе гэта трэба. Калі вы хочаце арганізаваць уборку, паглядзіце, як гэта можна зрабіць.
 

Акцыя "Зробім!" ўпершыню стартавала ў 2008 годзе ў Эстоніі, выклікаўшы вялікі ажыятаж, яна атрымала падтрымку сярод насельніцтва. За адзін дзень 50 тысяч добраахвотнікаў сабралі 10 тысяч тон смецця па ўсёй краіне! У 2012 годзе акцыя ператварылася ў міжнародную "Сусветную ўборку", да якой падключыліся больш за 80 краін, у тым ліку і Беларусь.
Беларускі Зялёны Партал