Беларусь на авансцэне Еўразіі: паміж Масквой і Кіевам
30 мая —1 чэрвеня 2014 года ў Варшаве адбудзецца міжнародная каферэнцыя “Беларусь на авансцэне Еўразіі: паміж Масквой і Кіевам”. Канферэнцыя арганізавана Інстытутам грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі Універсітэта Лазарскага.
Гэта ўжо шостая канферэнцыя Цэнтра беларускіх даследаванняў Інстытута, прысвечаная праблемам беларускага грамадства. Аналітыкі, грамадскія дзеячы і журналісты з Беларусі, краінаў Еўропы і Паўночнай Амерыкі будуць разважаць пра магчымасці развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі праз прызму апошніх падзеяў ва Украіне.
У канферэнцыі бяруць удзел Андраш Рац (Венгерскі інстытут замежных спраў, Венгрыя), Мікола Рабчук (палітолаг, Украіна), Пэр Андэрс Рудлінг (Лундскі Універсітэт, Швецыя) Антоні Мірановіч (Беластоцкі універсітэт, Польшча), А таксама шэраг беларускіх гісторыкаў,журналістаў, палітолагаў, эканамістаў, і грамадскіх актывістаў.
З прывітальным словам да удзельнікаў канферэнцыі выступяць суддзя Ежы Стэмпень, Дырэктар Інстытута грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі Універсітэта Лазарскага, былы старшыня Канстытуцыйнага Трыбунала Польшчы; Роджэр Патоцкі, Дырэктар еўрапейскіх праграм Нацыянальнага фонду у падтрымку дэмакратыі (ЗША).
Пад час канферэнцыі яе ўдзельнікі і шматлікія госці абмяркуюць шэраг праблем развіцця беларускага грамадства, у тым ліку на тле падзей ва Ўкраіне. Адна з секцый канферэнцыі так і называецца: “Паблізу ўкраінскага вулкану”.
Таксама ў праграме канферэнцыі вызначаны такія секцыі як: “Нацыя “на ростанях”: міфы і стэрэатыпы ў беларускім грамадстве”; “Грамадзянская супольнасць — крыніца перамен”.
У апошні дзень канферэнцыі, 1 чэрвеня, усе жадаючыя змогуць прыняць удзел у дыскусіі “Беларускае грамадства: спячка ці трансфармацыя?”.
Месца правядзення канферэнцыі:Польшча, Варшава, вул. Сверадоўская 43.
Працоўныя мовы канферэнцыі — беларуская і ангельская.
Спонсары канферэнцыі: Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі, Рада міністраў паўночных краін.
Інфармацыйная падтрымка — газета “Новы час”.