Беларусь трапіла ў пяцёрку самых няшчасных краінаў свету
Беларусь займае чацверты радок спісу самых няшчасных краінаў свету па версіі амерыканскага выдання Business insider. У аснову рэйтынгу леглі дадзеныя Сусветнай кнігі фактаў Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША па стане на 11 лютага 2013 года.
Амерыканскія аналітыкі вылічылі індэксы 197 краін свету і тэрыторый на падставе ўзроўню інфляцыі і беспрацоўя, якія, як заяўляецца, прыносяць больш за ўсё пакут простым людзям.
Самай няшчаснай краінай прызнана Зімбабвэ, якая набрала 103,3 бала. У першую пяцёрку таксама ўвайшлі Ліберыя (90,5), Буркіна-Фасо (81,5), Беларусь (71) і Туркменістан (70,5).
Усяго ж апублікаваныя дадзеныя па 25 найбольш няшчасных краінах. За першай пяцёркай яны размясціліся ў наступным парадку: Джыбуці, Намібія, Непал, Косава, Сірыя, Судан, Лесота, Кенія, Сенегал,
Маршалавы выспы, Афганістан, Свазіленд, Гаіці, Емен, Боснія і Герцагавіна, Сектар Газа, Мальдывы, Іран, Маўрытанія, Малі.
Эканамічны індыкатар Misery Index стварыў у 1970-х гадах амерыканскі эканаміст Артур Окун.