Беларусы сталі жыць горш і згубілі аптымізм
У чацвёртым квартале мінулага года павялічылася колькасць беларусаў, матэрыяльная становішча якіх пагоршылася.
Пра гэта сведчаць вынікі нацыянальнага апытання, якое правёў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў у снежні.
Паводле апытання, праведзенага ў верасні, матэрыяльнае становішча палепшылася ў 11,6% беларусаў, пагоршылася — у 21,6%. А ў снежні паляпшэнне матэрыяльнага становішча адзначылі 12,6% беларусаў, а пагаршэнне — ажно 28,4%.
Нягледзячы на тое, што за квартал рэальныя даходы насельніцтва выраслі з 310 да 325 даляраў, колькасць беларусаў, якія лічаць, што эканоміка краіны знаходзіцца ў крызісе, вырасла больш чым на 10% — у снежні так палічылі ажно 68, 6% апытаных.
Значна знізіўся таксама ўзровень аптымізму, з якім беларусы глядзяць у будучыню: калі ў верасні 28,1% апытаных лічылі, што «сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў бліжэйшыя гады пагоршыцца», то сёння так лічаць 35,9%, а колькасць аптымістаў знізілася з 17,5% да 12,5%.