Вы супраць “начных ваўкоў” на сваёй зямлі? Падпішыце петыцыю!

Усіх, хто на самай справе не жадае бачыць у Беларусі прапуцінскіх байкераў Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай заклікае падпісаць петыцыю і накіраваць лісты ў дзяржорганы.    



На сваім пасяджэнні 16 красавіка Беларускі камітэт салідарнасці з Украінай склаў электронны ліст да прапуцінскіх байкераў і зварот у МУС, Генпракуратуру ды Адміністрацыю Лукашэнкі з нагоды імперскага мотапрабега “Масква—Берлін”, частка шляху якога запланаваная яго расійскімі арганізатарамі праз тэрыторыю Беларусі.

Удзельнікі пасяджэння Беларускага камітэта салідарнасці з Украінай, што прайшло ў Мінску 16 красавіка, узгаднілі тэкст ліста членам прапуцінскага байкерскага клуба “Начныя ваўкі”, які з 25 красавіка рыхтуе прапагандысцкі мотапрабег “Масква—Берлін” праз шэраг еўрапейскіх краінаў (у тым ліку праз Беларусь) і абвясцілі пра размяшчэнне паслання расійскім байкерам на change.org. Цяпер кожны інтэрнаўт, які падтрымлівае змест ліста, можа пад ім падпісацца.

“Ночные волки”, беларусы не хотят видеть вас на территории  Республики Беларусь,  особенно в предпраздничные дни 70-летия победы над фашистами.  Вы  пособники таких  же оккупантов, которых наши предки не однажды выгоняли с белорусской  земли. Оккупация Крыма, война на Донбассе, организация террористических ДНР и ЛНР  кровь тысяч убитых и раненых  украинцев  в том числе и на вашей совести.  Вы несете угрозу миру, угрозу нашей Беларуси, вы несете войну.  Мы говорим: “Нет войне! Нет  “Ночным волкам” в Беларуси! Нет фашызму на нашей земле!” — напісана ў электронай петыцыі.

“Мы хочам данесці да іх ведама, што іх прысутнасць на беларускай зямлі зусім не пажаданая, што беларусы супраць, каб праз тэрыторыю іх краіны рухалася мотакалона, якая прапагандуе так званы “рускі свет”. Бо нядаўна яны заяўлялі, што маўляў з Беларуссю праблем не будзе. Мы хочам давесці, што гэта не так. Наколькі нам вядома, беларускія байкеры адмовіліся падтрымліваць гэтую імперскую акцыю “Начных ваўкоў”, — каментуе петыцыю Ганна Шапуцька.

Другім важным крокам па супрацьдзеянні мотапрабега “Масква—Берлін” на паседжанні БКСУ было складанне і падпісанне звароту ў Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства ўнутраных спраў і Генпракуратуру Рэспублікі Беларусь.

“Члены клуба “Начныя ваўкі” з'яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі дэстабілізацыі абстаноўкі ва Ўкраіне, анэксіі Расіяй Крымскага паўвострава, стварэння незаконных экстрэмісцкіх ДНР і ЛНР на тэрыторыі суверэннай Украіны. Члены гэтай арганізацыі вядомыя сваімі правакацыйнымі заявамі і дзеяннямі, якія распальваюць міжнацыянальную варажнечу, удзелам у шматлікіх канфліктах, у тым ліку з прымяненнем зброі.

Выкарыстанне членамі клуба фашысцкай сімволікі, забароненай у Рэспубліцы Беларусь — гэта блюзнерства і здзек над памяццю загінуўшых у Вялікай Айчыннай Вайне.

Мы лічым, што дзейнасць членаў клуба "Начныя ваўкі" нясе пагрозу нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, будзе спрыяць распальванню міжнацыянальнай варожасці, росту сепаратысцкіх настрояў і дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі ў Беларусі.”, — напісана ў звароце.

Аўтары звароту просяць забараніць на тэрыторыі Беларусі акцыі з удзелам байкераў клуба “Начныя ваўкі” і, у выпадку правядзення імі несанкцыянаваных мерапрыемстваў, прыцягваць парушальнікаў да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, а таксама ўнесці членаў клуба “Начныя ваўкі”, у прыватнасці, яго кіраўніка Аляксандра Залдастанава ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі.

Зварот падпісалі ўдзельнікі паседжання. У хуткім часе ён будзе накіраваны адрасатам.

Тэкст звароту будзе выкладацца ў сацыяльных сетках. https://www.facebook.com/groups/218388188359907/files/ Кожны, хто згодны з яго зместам зможа раздрукаваць яго і даслаць персанальна.

Даведка:

“Начныя ваўкі” — найстарэйшы мотаклуб Расіі. У апошні час члены брыгады сталі вядомыя сваёй прыхільнасцю да палітыкі Крамля. Матацыклісты адкрыта падтрымлівалі “зялёных чалавечкаў” у Крыме і дапамагалі анэксаваць украінскі паўвостраў. На парадзе ў Севастопалі “Начныя ваўкі” шыхтаваліся ў выглядзе свастыкі.

Лідар байкераў Аляксандр  Залдастанаў, які блізка сябруе з Пуціным і Кадыравым, ініцыяваў і арганізаваў “Антымайдан”. Цяпер “Начныя ваўкі” арганізуюць мотапрабег, які павінен стартаваць 25 красавіка ў Маскве і скончыцца 9 траўня ў Берліне. Маршрут “Начных ваўкоў” праходзіць праз Беларусь, Польшчу, Аўстрыю, Чэхію і Славакію, якія афіцыйна не выступілі супраць праезду байкераў праз свае тэрыторыі.