Берасце: Меркаванні выбаршчыкаў наконт малога памежнага руху ў чарговы раз праігнараваныя

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Валюшыцкі даслаў адказаў брэсцкім актывістам кампаніі «Гавары Праўду!»



adkaz_deputata_brest.jpg

Прадстаўнікі грамадскасці ставілі перад дэпутатам пытанне, чаму народныя абраннікі праігнаравалі зварот грамадзян па пытанні малога памежнага руху, а менавіта — чаму гэтая праблема не была агучаная падчас штогадовага паслання прэзідэнта РБ Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу ў красавіку 2013 года, а таксама чаму не былі данесеныя асноўныя найбольш вострыя і важныя пытанні да кіраўніка дзяржавы, з якімі грамадзяне звярталіся да дэпутатаў.

 

Віктар Валюшыцкі у сваім лісце адзначыў, што зварот грамадзян па пытанні малога памежнага руху Польшчы і Беларусі не пакінута без увагі і накіравана ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, які згодна з Канстытуцыяй, упаўнаважаны вырашаць пытанні міждзяржаўнага ўрэгулявання і ўзяты дэпутатамі на кантроль.

 

Народны абраннік звярнуў увагу, што зварот да прэзідэнта краіны немэтазгодны, таму як па дадзенай тэме ім раней быў агучаны адказ падчас прэс-канферэнцыі 15 красавіка 2013 карэспандэнту Польскага агенцтва друку (RAP) Малгажаце Выжкоўскай. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што рэалізацыя малога прыгранічнага руху магчымая толькі пры нармалізацыі дружалюбных адносінаў паміж Беларуссю і Польшчай.

 

— Адказы на пытанні дадзены не па сутнасці, — падзяліўся меркаваннем актывіст кампаніі «Гавары Праўду!» Уладзімір Вуек, — мы так і не пачулі пазіцыю самога дэпутата і якім чынам дэпутаты трымаюць на кантролі гэтае пытанне, у прыватнасці дэпутат Валюшыцкі. Лічым, што меркаванні выбаршчыкаў былі чарговы раз праігнараваныя. Да дэпутата паступалі звароты аб садзейнічанні на практыцы рэалізацыі законе «Аб малым памежным руху паміж РБ і РП», якія былі замацаваны не адной тысячай подпісаў берасцейцаў, у тым ліку яго выбаршчыкамі.


spring96.org