Блогеру Андрэю Павуку пагражаюць з Філіпінаў: «Падумай, падла!»
24 верасня гомельскі блогер Андрэй Павук атрымаў паведамленне з пагрозамі, паведамляе Еўрарадыё.

Андрэй Павук / Фота з яго акаўнту на Фэйсбуку
Невядомыя з філіпінскага нумара раяць яму “задумацца над сваімі паводзінамі”:
“Заўтра суд, і ты яго прайграеш. Тэма з вобыскам была створаная, каб ты задумаўся над сваімі паводзінамі. Скажы дзякуй, што нічога не падкінулі. Калі будзешь займацца сабатажам і ачарненнем існуючай улады, будуць прыняты меры. Сядзеш… Падумай, падла. Думаю, ты нас зразумеў. Не гуляй з агнём”.
Вобыск, пра які ідзе гаворка, прайшоў дома ў Андрэя Павука 20 сакавіка. У той дзень блогера затрымалі па крымінальнай справе за фальшывае паведамленне пра мініраванне. Заўтра па ёй мусіць адбыцца судовае пасяджэнне.

“Заўтра суд па справе, у якой меня абвінавачвалі. Нібыта я замініраваў Акцябарскі райвыканкам 20 сакавіка, — распавядае Еўрарадыё Андрэй Павук. — Думаю, паведамленне для таго, каб мяне напалохаць перад судом”.
Справу супраць сябе Павук лічыць сфабрыкаванай.
“Цяпер я нервуюся пасля любога паведамлення пра мініраванне ў Беларусі. А раптам да мяне прыйдуць? Такое ўжо было. Я нясу маральную шкоду. Адчуваю, што мне пагражаюць, таму абараняюся публічна.
Хачу атрымаць кампенсацыю ад міліцыянтаў. Гэтая справа супраць мяне — відавочнае глупства з боку сілавых структур. Таксама рыхтую заяву ў міліцыю з-за пагрозы”, — дадаў блогер Еўрарадыё.
Андрэй Павук вядзе ў сацсетках блог “Рудабельская паказуха”, дзе крытыкуе мясцовых чыноўнікаў. Праблемы ў жыхара пасёлка Акцябрскі пачаліся пасля таго, як у раён прыслалі новага старшыню.